У Варшаве разглядалі праблемы нацыянальных меншасцяў



У Варшаве сёння адбылося чарговае паседжанне супольнай камісіі польскага ўраду і прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў. На паседжанні прысутнічаў наш карэспандэнт Радэк Дамброўскі.

РР: Якія асноўныя тэмы закраналіся ў часе гэтай сустрэчы?

Радэк Дамброўскі: Згодна праграмы, разглядаліся тры асноўныя пункты. Першы пункт, гэта прадстаўленне палітыкі польскай дзяржавы ў дачыненні да нацыянальных і этнічных меншасцяў. І Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі выступіла з такімі, можна сказаць, больш тэхнічнымі пытаннямі, прадстаўляючы крытэрыі прымання ўнёскаў на дафінансаванне культурных мерапрыемстваў, якія накіраванныя на захаванне нацыянальнай тоеснасці – як гэтыя ўнёскі будуць складацца, якія змены адміністрацыйныя. Аднак, гэта не тое, чаго чакалі прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў, і ўсе адным голасам выказалі сваё незадавальненне. На што міністр унутраных спраў і адміністрацыі Себасцян Хвалэк адказаў, што міністэрства яшчэ не гатовае і яно чакае, па-першае, нейкіх знакаў, прапановаў з боку саміх меншасцяў, каб можна было на іх адрэагаваць і выпрацаваць сваю палітыку. Сказаў, што яны яшчэ адкрытыя і чакаюць. Другая справа, гэта справа адукацыі. Новы віцэ-міністр адукацыі, які быў на паседжанні, прадставіў сітуацыю, як зараз урад плануе працаваць з нацыянальнымі меншасцямі. Нейкіх змяненняў не плануецца. Міністр унутраных спраў заявіў, што ўвесну будуць адбывацца сустрэчы, канферэнцыі, датычныя гэтых стратэгій навучання для нацыянальных меншасцяў, якія былі падрыхтаваныя ў мінулыя гады – гэта і літоўская, і нямецкая, і ўкраінская і беларуская. І трэцяя, здаецца асноўная, справа, якая датычыць не толькі меншасці, бо вядома што ў новай палітыцы ўраду ёсць змяненні функцыянавання публічных сродкаў масавай інфармацыі. І гэтыя СМІ будуць працаваць як установы культуры, гэта будзе называцца нацыянальныя медыі. На паседжанні быў дырэктар дэпартаменту ўстаноў культуры ў міністэрстве культуры, якое працуе над гэтай пастановай. Як ён сказаў, што праца яшчэ толькі пачынаецца. Але ўжо вядома, што ў нацыянальных медыях будзе месца і для нацыянальных меншасцяў у такім выглядзе, як зараз ёсць у польскім радыё „Беласток”, ці ў Беластоцкім тэлебачанні. Невядома, як гэта будзе выглядаць, але тут ізноў міністар спадзяецца на супрацу з арганізацыямі нацыянальных меншасцяў, чакаюць нейкіх прапановаў. Можна звяртацца не толькі на этапе грамадскіх кансультацый, але і ўжо зараз. Прадстаўнік міністэрства таксама сказаў, што змяненнем у палітыцы мінстэрства будзе тое, што арганізацыі нацыянальных меншасцяў змогуць звяртацца за фінанасавай дапамогай у Міністэрства культуры, так, як гэта было калісьці. А мы ведаем, што ў апошнія гады такія ініцыятывы адсылаліся да Міністэрства ўнутраных спраў, паколькі тлумачылася тым, што меншасці знаходзяцца пад апекай Міністэрства ўнутраных спраў і там ёсць адмыслова распісаны конкурс на захаванне нацыянальнай тоеснасці нацыянальных меншасцяў.

РР: Ці закраналіся нейкія тэмы, так бы мовіць, бягучыя, па-за праграмай?

Радэк Дамброўскі: Была такая тэма, і яна выклікала найбольшае ўзрушэнне. Пачалася больш жывая дыскусія. Старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства Ян Сычэўскі выступіў з па-за праграмным зваротам да міністра, каб звяртнуць увагу на марш, які запланаваны скрайнымі правымі сіламі ў Гайнаўцы, які будзе праходзіць у гонар “выклятых жаўнераў”, адным з герояў на плакатах заяўлены капітан Рамуальд Райс “Буры”, які беларускай нацыянальнай меншасцю ўспрымаецца адназначна, паколькі здзейсніў злачынствы, а Інстытут нацыянальнай памяці прызнаў іх злачынствамі супраць людскасці. І тут словы Яна Сычэўскага падтрымалі амаль усе прадстаўнікі меншасцяў. Выказвалася, што гэта не асобныя праблемы, калі скрайнія правыя сілы дэманструюць сваю сіл, не ўлічваючы пэўных гістарычных праблемаў, якія па-сённяшні дзень яшчэ не загоеныя. І заклікалі да пэўнай дыскусіі. Таксама прапаноўвалася, каб камісія, якая існуе, афіцыйна выказвалася ў такіх справах з адрытай крытыкай, каб выдавала заявы супраць рознага кшталту такіх ініцытываў, якія спрыяюць антаганізмам паміж палякамі і нацыянальнымі меншасцямі. Падкрэслівалася таксама, што такія заявы добра ўплывалі б на аўтарытэт Польшчы па-за межамі.

РР: Я так зразумеў, што гэта казалі прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў. А ў адказ чыноўнікі казалі?

Радэк Дамброўскі: У адказ міністр Себасцян Хвалэк прыгадаў, па-першае, што прэзідэнт Рэчы Паспалітай Анджэй Дуда не стаў патрона гэтага маршу, і гэта павінна стаць адназначным адказам як Польшча ставіцца да такога тыпу ініцыятываў, пазначаючы адначасова, што Польша з’яўляецца дэмакратычнай дзяржавай. Розныя арганізацыі з рознымі поглядамі маюць права на сваю дзейнасць і выказванне сваіх поглядаў. Але калі яны парушаюць закон, дык для гэтага ёсць пракуратура і суды, каб гэтыя справы паясняць.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота mswia.gov.pl