Умацоўваюцца польска-беларускія культурныя стасункі
Мастацкія стасункі паміж Беларуссю і Польшчай узмацняюцца. Гэта канстатаваў на адкрыцці выставы творцы з Падляшша Анджэя Струмілы ў Менску старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца:
– Па-першае, гэта ўжо не першая выстава спадара Струмілы. А па-другое, не ўсё і бачна. Бо дзясяткі мастакоў-беларусаў ездзяць на пленэры ў Польшчу, дзясяткі палякаў прыязджаюць сюды. Пакуль дыпламаты будуць дамаўляцца, то мы значна хутчэй гэта зробім.
У сваю чаргу мастак і калекцыянер Андрэй Плясанаў расказаў, што дамовіўся пра сваю выставу ў Падляшскім музеі ў Беластоку:
– Зараз я падышоў да дырэктара музея ў Беластоку і мы дамовіліся, што я зраблю выставу са сваёй прыватнай калекцыі жывапісу. Ён з задавальненнем кажа, дзе я быў раней. Думаю, усё будзе ў парадку.
Выстава сцэнаграфіі выбітнага мастака з Падляшша Анджэя Струмілы будзе працаваць у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у Менску да пятага сакавіка.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск