Надзеі Артымовіч – 70
„Сёння беларуская літаратурная грамадскасць святкуе 70-годдзе славутай паэткі Надзеі Артымовіч. Так сталася, што мы жывем у розных краінах, але ў адным часе і адной мове. І мова беларуская ўдзячная часу за існаванне высокай пластыкі і глыбіні, рэалізаванай у вершах спадарыні Надзеі…” Пра эта чытаем у віншавальнай тэлеграме ад імя Рады і сакратарыята ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, падпісанай Барысам Пятровічам.
Пэўным падагульненнем чытання Артымовіч у Беларусі і сыходжаннем двух пачаткаў сталася кніга “Дзверы”, у якой вершы паэткі з Бельска каментаваў філасофскімі зномамі лідар інтэлектуальнай генерацыі Алесь Разанаў:
– У яе паэзіі ёсць тая глыбіня, якая здаецца празрыстай, але і дно відаць. Але калі паглыбляешся – дно глыбее і падарожжа доўжыцца. У яе паэзіі ёсць сэнс самой існасці, людской, чалавечай. Яе паэзія – гэта падарожжа ў быццё, у сэнс быцця, ў экзыстэнцыю.
Спадарыня Надзея, грамадскае аб’ядннанне “Саюз беларускіх пісьменнікаў” шчыра віншуе вас з днём нараджэння! Мы ўдзячныя лёсу, што вы з намі побач, што творчасць вашая, ацэненая і прызнаная ўсім паэтычным цэхам, працягваецца. Зычым вам моцнага здароўя, і каб ніколі не знаходзіліся “дакладныя адрасы”.
Віншавальны ліст:
Надзеі Артымовіч – 70!
Сёння беларуская літаратурная грамадскасць святкуе 70-годдзе славутай паэткі Надзеі Артымовіч. Так сталася, што мы жывем у розных краінах, але ў адным часе і адной мове. І мова беларуская ўдзячная часу за існаванне высокай пластыкі і глыбіні, рэалізаванай у вершах пані Надзеі.
Колькасць напісанага ніколі не была для Надзеі Артымовіч прыярытэтам. Важнаю была духоўная дакладнасць верша, дзе спляталася беларуская песенная лірыка, “белыя пейзажы” роднага Бельску, інтэлектуальная традыцыя верлібра польскай паэзіі ХХ стагоддзя. Менавіта таму нячаста выходзяць яе паэтычныя кнігі і менавіта таму яны становяцца бібліяграфічнай рэдкасцю, сапраўдным падарункам для аматараў лірыкі.
Беласточчына да канца 1980-х знаходзілася за культурнай заслонай, вывешанай савецкай уладай. І хоць не была тая заслона ў поўнай ступені жалезнай, творы Надзеі Артымовіч напоўніцу адкрыліся беларускай грамадскасці толькі з пачаткам перабудовы. Вершы яе прыйшліся якраз дарэчы ў часы паўставання новай інтэлектуальнай генерацыі літаратараў, аб’яднаных у таварыства “Тутэйшыя” і ТВЛ, якія шукалі абнаўлення паэтычнай традыцыі праз еўрапейскі досвед. Паэзія Надзеі Артымовіч трапіла якраз у нерв часу. Пэўным падагульненнем чытання Артымовіч у Беларусі і сыходжаннем двух пачаткаў сталася кніга “Дзверы”, у якой вершы паэткі з Бельску каментаваў філасофскімі зномамі лідар інтэлектуальнай генерацыі Алесь Разанаў.
Пані Надзея, грамадскае аб’ядннанне “Саюз беларускіх пісьменнікаў” шчыра віншуе вас з днём нараджэння! Мы ўдзячныя лёсу, што вы з намі побач, што творчасць вашая, ацэненая і прызнаная ўсім паэтычным цэхам, працягваецца. Зычым вам моцнага здароўя, і каб ніколі не знаходзіліся “дакладныя адрасы”.
Ад імя Рады і Сакратарыята
ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” – Барыс Пятровіч (Сачанка).
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Фота autorskecteni.cz