ІНП: Лех Валэнса супрацоўнічаў з камуністычнымі спецслужбамі



У Польшчы разгараецца скандал вакол супрацы Леха Валэнсы са службай бяспекі камуністычнай Польшчы.

Warszawa 17/05/2007 czwartek Konferencja pt. "Europejskie Standardy Demokratyczne", z udzialem Aleksandra Kwasniewskiego, Andrzeja Olechowskiego i Lecha Walesy (Audytorium Maximum, Uniwersytet Warszawski) n/z Lech Walesa FOT. ADAM JAGIELAK / WPROST

Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы (установа, якая займаецца разглядам справаў, звязаных са злачынствамі таталітарных рэжымаў на тэрыторыі Польшчы пасля 1939 года) паведаміў, што атрымаў доступ да невядомых раней дакументаў, звязаных з першым дэмакратычна абраным прэзідэнтам Польшчы, Лехам Валэнсам.

Лукаш Камінскі, старшыня Інстытуту нацыянальнай памяці паведаміў, што сярод дакументаў, знойдзеных у доме ўдавы генерала Чэслава Кішчака (міністра ўнутраных справаў у камуністычнай Польшчы ў 1980-1990 гадах) быў ліст адрасаваны дырэктару Архіва новых актаў у Варшаве, у якім Генерал Кішчак паведамляе што перадае дакументацыю  датычную супрацы Леха Валэнсы са службамі бяспекі камуністычнай Польшчы пад мянушкай «Болек».

Пакунак быў падрыхтаваны для адпраўкі яшчэ ў 1996 годзе, але генерал Кішчак так і не адаслаў яго.

— У персанальнай папцы знаходзіцца канверт, у якім ад рукі напісанае абавязацельства супрацы са службай бяспекі, падпісанае: Лех Валэнса «Болек». Сярод дакументаў у гэтай папцы ёсць таксама напісаныя ад рукі і падпісаныя мянушкай «Болек» распіскі аб атрыманні грошай. У папцы працы тайнага супрацоўніка, якая налічвае 279 старонак у арыгінальных вокладках. Дакументы, якія знаходзяцца ў абедзвюх папках ахопліваюць прамежак часу з 1970 да 1976 года.

Да гэтай пары меркавалася, што персанальная папка «Болека» была хутчэй за ўсё знішчаная пасля змены палітычнай сістэмы ў Польшчы ў 1989 годзе.

У 2000 годзе люстрацыйны суд у Варшаве пацвердзіў правамоцным рашэннем, што Лех Валэнса склаў праўдзівую люстрацыйную дэкларацыю, у якой адмовіў факт супрацоўніцтва з камуністычнымі спецслужбамі. Тым не менш абвінавачванні былога лідара «Салідарнасці» і прэзідэнта Польшчы ў супрацоўніцтве з тайнымі камуністычнымі службамі неаднаразова ўсплывалі ў публічным жыцці Польшчы і пасля гэтага судовага рашэння.

237

Лех Валэнса і Чэслаў Кішчак у час нарадаў Круглага стала

„Не можа быць ніякіх дакументаў, якія сыходзілі б ад мяне. Калі б яны былі, не было б патрэбы іх падрабляць. Я дакажу гэта ў судзе” – напісал на сваім акаунце ў адной з сацыяльных сетак Лех Валэнса. Гэтае выказванне з’явілася яшчэ да пачатку прэс-канферэнцыі ІПН. У цяперашні момант Лех Валэнса наведвае Венесуэлу.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя