Рыгор Кастусёў: Трэба ісці ў народ



Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў распавёў пра ўдзел партыйцаў у парламенцкіх выбарах і рашэнне экс-кандыдата Алеся Міхалевіча балатавацца ў дэпутаты.

Рыгор Кастусёў: Я падтрымліваю рашэнне Міхалевіча прыняць удзел у парламецкай кампаніі. Ён вопытны палітык, мае досвед такога ўдзелу, таму, мяркую, паспрабаваць варта і яшчэ раз. А ўвогуле, зараз у партыі ідзе фармаванне спісу прэтэндэнтаў у кандыдаты. Дзесьці каля 60 чалавек у спісе ўжо ёсць. Адбываюцца пасяджэнні кіруючых органаў у абласцях, абмяркоўваюцца арганізацыйныя пытанні рознага кшталту. Напрыклад, у Магілёўскай вобласці ў нас на 13 акругах ёсць 14 прэтэндэнтаў.

РР: Калі ніякіх зменаў у Выбарчым законе не будзе, вы ўсё роўна будзеце прымаць удзел у кампаніі?

Рыгор Кастусёў: Адназначна будуць вылучацца кандыдаты праз з’езд, а хтосьці і праз збор подпісаў. І будзем прымаць рашэнне пра ўдзел у выбарах.

РР: Можаце патлумачыць, якія сэнс гэтага ўдзелу, калі вынік вядомы загадзя?

Рыгор Кастусёў: Зразумела, што гэтае пытанне вельмі балючае. Мы разумеем, што беларускія ўлады наўрад ці дапусцяць у парламент кагосьці з прадстаўнікоў Партыі БНФ. Але на выбары ідзем з тым, каб данесці нашу пазіцыю да насельніцтва Беларусі. Асабліва гэта неабходна рабіць у цяперашні час, бо ў эканоміцы Беларусі, сацыяльнай сферы краіны адбываюцца негатыўныя з’явы, якія вядуць да пагаршэння ўзроўню жыцці і нават могуць прывесці да жабрацкага стану насельніцтва. Гэта бачна і на прыкладзе падаражэння паслугаў ЖКГ, і на прыкладзе падзення заробкаў, і іншых фактараў. Таму трэба ісці ў народ і размаўляць з людзьмі. Неабходна, каб і яны, і мы былі падрыхтаваныя на выпадак, калі сітуацыя прывядзе да калапса і прыйдзецца рабіць захады па выхаду з крызісу.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя