Спектакль „Сонька” выклікаў скандал у Індыі



Падпаленая брама тэатра, сарваныя афішы і бурныя воплескі пасля спектакля – усё гэта суправаджала спектакль беластоцкага драматэатра “Сонька” на міжнародным фестывалі ў Індыі. Абурэнне, сярод іншага, абласнога міністра культуры выклікала сцэна ў якой акцёрка Катажына Сяргей выступіла голая.

Па просьбе арганізатараў тэатральнага фестываля Brahat Rang Mahotsav у Нью-Дэлі гэта сцэна ў спектаклі была зменена.

Паводле дырэктаркі драматычнага тэатра і рэжысёр спектакля Агнешкі Карыткоўскай-Мазур, арганізатары раней бачылі відэа-запіс спектакля і вырашылі запрасіць тэатр на фестываль:

– Мы ўсведамляем, які культурны код абавязвае ў Індыі, усведамляем, што там можа быць прынята або не. Мы не хацелі правакаваць ці парушаць гэты код. Мы ведалі, што міжнародны фестываль кіруецца тым, што прадстаўляе таксама іншы пункт гледжання.

Спектакль “Сонька” апавядае пра польска-беларускае памежжа і каханне беларускай дзяўчыны і нямецкага жаўнера. Галоўную ролю Сонькі выконвае акцёрка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра ў Менску Святлана Анікей. У спектаклі таксама ўдзельнічае ацёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Алесь Малчанаў.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя