Рок-гурт “MG” прэзентуе альбом “К чорту гарэлку” у менскім клубе TNT



Рок-гурт “MG” з Наваградку прэзентуе свой новы альбом “К чорту гарэлку” канцэртам ў менскім клубе TNT. Англа-беларускамоўны альбом наваградскага гурта складаецца з сямі кампазіцый, палова якіх зроблена на вершы беларускіх класікаў Максіма Багдановіча і Ларысы Геніюш. Адна з якіх дала назву плытцы.

Па словах гітарыста “MG” Германа Куліка канцэрт у клубе TNT будзе доўжыцца паўтары гадзіны ў час якіх будуць выкананыя як новыя так і ўжо вядомыя кампазіцыі, а таксама каверы на песні іншых гуртоў:

Зараз выпусцілі альбом “К чорту гарэлку”. Песня “К чорту гарэлку” напісаная на словы Ларысы Геніюш. Запрашаем усіх на нашую прэзентацыю, абяцаем, што ўсё будзе вельмі весела, будзем граць сапраўдны бульба-трэш. Спадзяемся, што шмат моладзі будзе “адрывацца”” як таго патрабуе сапраўдны рок-н-рол.

Рок-метал гурт “MG” заснаваны ў Наваградку ў 2008 годзе. Удзельнікі Басовішча 2011 ды іншых фестываляў. Граюць у стылі, які самі жартоўна называюць – бульба-трэш.

Прэзентацыя альбома “К чорту гарэлку” адбудзецца ў нядзелю 6 ліпеня ў клубе TNT ў Менску. Пачатак канцэрту а 20-й гадзіне. Уваход вольны.

 Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя