Скажам наркотыкам – не!



У сувязі з павелічэннем шпіталізацыі і смерцяў маладых беларусаў пасля атручвання сінтэтычнымі наркотыкамі пад агульнай назвай “спайс”, Беларускае грамадскае аб’яднанне “Маці супраць наркотыкаў” стварылі групы ўзаемадапамогі. Яны дзейнічаюць у 10 гарадах краіны.

Праводзяцца кансультацыі ды аказваецца бясплатная прафесійная дапамога бацькам і блізкім, дзіця якіх ўжывае надзвычай небяспечны наркотык. Аб’яднанне “Маці супраць наркотыкаў” заклікае не цягнуць са зваротамі ў выпадку бяды, так як адтэрміноўка пагражае смерцю.

Каардынатарка пінскай групы ўзаемадапамогі Дзіна Ярмалюк адзначае, што ўжывае “спайс” моладзь розных сацыяльных статусаў:

– Насамрэч, трапляе ў бяду моладзь, якая своечасова не можа сказаць “не”. Гэта не залежыць ад таго слоя насельніцтва, у якім ён жыве, бо тычыцца і дзяцей з заможных сем’яў, і дзяцей з менш забяспечаных сем’яў. Гэта адбываецца ў моладзевых кампаніях, клубах і супольнасцях.

Медыкі паведамляюць, што сінтэтычны наркотык неверагодна хутка знішчае мозг і нервовую сістэму, можа хапіць нават аднаго ўжывання. Калі спажывец выжывае, але трапляе ў кому, то павярнуць яго да нармальнага жыцця амаль немагчыма.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя