У Берасці прэзентавалі 7-ы нумар “Жырандолі”
У Берасці прэзентавалі 7-ы нумар літаратурнага альманаху „Жырандоля” складзенага з дапамогай мясцовых сябраў Саюза беларускіх пісьменнікаў. Апроч канферэнц-залі гарадской бібліятэкі імя Пушкіна, літаратары завіталі і ў мясцовы ліцэй.
Памочнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменнікаў Усевалад Сцебурака:
– Мы тут сабраліся з нагоды чарговага – 7-га ўжо нумара літаратурнага альманаха, які выдаецца суполкай Саюза беларускіх пісьменнікаў у Берасці. Нам вельмі ўсцешна, што 7 год запар гэтае выданне трывае.
Кандыдат філалагічных навук Мікола Аляхновіч:
– Сёння мы былі ў ліцэі, таксама пакінулі там і „Жырандолю”, і не толькі „Жырандолю”. Там беларускамоўныя ёсць, клас такі чыста паглыбленае вывучэнне беларускай мовы. Дзеці проста цуд, так адгукаюцца, так хораша прымаюць, успрымаюць літаратуру і роднае слова таксама. Таму „Жырандоля” там ёсць і будзе.
Агулам на імпрэзе ў бібіліятэцы прысутнічала каля 70-ці чалавек, пераважна моладзі і прадстаўнікі літаратурнай супольнасці. Сярод гасцей на мерапрыемстве прысутнічалі: Мікола Папека, Зміцер Бартосік, Наталка Бабіна, Алесь Каско, Мікола Пракаповіч і шэраг іншых майстроў слова.
[Not a valid template]
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота аўтара