Вячаслава Сіўчыка і Алеся Макаева адпусцілі з міліцыі (абноўлена)



Затрыманыя  ноччу ў Светлагорску лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык і актывіст прадпрымальніцкага руху Аляксандр Макаеў адпушчаныя з міліцыі.

Пра гэта паведаміла жонка Макаева Юлія Сцяпанава на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».

* * *

У Светлагорску 19 лютага каля 23.30 былі затрыманы лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык і актывіст прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў. Як паведаміў «Вясне» грамадскі актывіст са Светлагорску Юрый Ляшэнка, 19 лютага Сіўчык і Макаеў у Светлагорску сустракаліся з мясцовымі прадпрымальнікамі, з якімі абмяркоўвалі сітуацыю, якая склалася пасля прыняцця ўказу №222. Дадзены нарматыўны акт фактычна паралізаваў працу беларускіх ІП, якія гандлююць адзеннем і абуткам.

„Пасля 23.00 мы праводзілі Сіўчыка і Макаева на цягнік «Калінкавічы-Баранавічы», на якім у 23.30 яны павінны былі ехаць у Менск. Але на чыгуначным вакзале да нас падышлі восем супрацоўнікаў міліцыі, якія без ніякіх тлумачэнняў затрымалі Сіўчыка і Макаева”, – адзначыў Юрый Ляшэнка.

Алесь Макаеў па тэлефоне паведаміў, што ён знаходзіцца ў Светлагорскім РАУС, і міліцыя іх абвінавачвае ў дробным хуліганстве. «У нас забіраюць тэлефоны, не магу размаўляць», – дадаў актывіст прадпрымальніцкага руху.