Ці пакараюць вінаватых у знішчэнні неалітычнай стаянкі?
Жыхары вёскі Спорава Бярозаўскага раёна змагаюцца за пакаранне тых асоб, хто спрычыніўся да знішчэння ў іх вёсцы стаянкі часоў неаліта.
Стаянка аберагалася з 60-х гадоў – як гісторыка-культурная спадчына. Пакуль у іх вёсцы не з’явіўся новы, цяпер ужо былы, арандатар возера Спораўскае Анатоль Заблоцкі. З дазволу ўладаў на месцы стаянкі арандатар пабудаваў катэдж, нягледзячы на пратэсты вяскоўцаў. Жыхары Спорава звярнуліся ў Бярозаўскую раённую і Берасцейскую абласную пракуратуры з просьбай прыцягнуць да крымінальнай адказнасці вінаватых у знішчэнні гісторыка-культурнай спадчыны. Але ні Бярозаўская раённая , ні Берасцейская абласная пракуратуры не ўбачылі ніякіх парушэнняў у выдзяленні зямельнага ўчастка пад катэдж, кажа намеснік старшыні абласной Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Валянцін Лазарэнкаў, які дапамагае вяскоўцам:
– Не зроблены натуральны аналіз заканадаўства 1992-2007 года ў рамках Закона аб ахове помнікаў архітэктуры і гістарычнай спадчыны. Чаму так не было зроблена ў рамках абласной пракуратуры – невядома. Але абласная пракуратура просіць, калі нейкія задавальненні ад адказа ёсць, то трэба ізноў напісаць ліст на імя пракурора вобласці.
Паводле Лазарэнкава, спораўцы падрыхтавалі скаргу ўжо на імя пракурора вобласці. Яны маюць намер дабіцца пакарання тых асоб, якія па-варварску аднесліся да помніка, які знаходзіўся пад аховай дзяржавы.
Беларускае Радыё Рацыя, Спорава