Эксперт: Лукашэнку не абыйсціся без рэформаў
“Калі Аляксандр Лукашэнка кажа, што яму не патрэбны ніякія рэформы і Беларусь і надалей будзе рухацца па сваім вызначаным шляху, ён мае на ўвазе грамадска-палітычныя рэформы, – кажа эканаміст Аляксандр Сінкевіч. – Што тычыцца эканамічных рэформ, то тут без сур’ёзных зменаў ніяк не абыйсціся, – упэўнены эксперт:
– Я думаю, што гаворка ідзе пра грамадска-палітычныя рэформы. Бо Менск сваю пазіцыю ў адносінах да Захаду адстаяў, і не выканаўшы ніякіх патрабаванняў Еўразвязу дамогся зняцця санкцый. А што тычыцца эканомікі, то тут непазбежныя перамены.
Пра тое, што перамены ўжо пачаліся, гавораць апошнія эканамічныя дырэктывы, прынятыя Саветам Міністраў і кіраўніком краіны. У іх утрымліваюцца відавочныя змены ў эканамічным напрамку. Перадусім – гэта дыверсіфікацыя экспарту і арыентацыя на высокія тэхналогіі ў супрацоўніцтве з Еўразвязам.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з сайта ridus.ru