У Кіеве – пагромы расейскага бізнэсу



У Кіеве прайшлі чарговыя вулічныя акцыі, скіраваныя супраць расейскага бізнэсу ва Украіне. Да акцый далучыліся і праварадыкальныя сілы, у выніку чаго ў цэнтры ўкраінскай сталіцы распачаліся сапраўдныя пагромы.

Прысутнасць ва Украіне расейскага бізнэсу, які фінансуе сепаратыстаў на Усходзе і пракрамлёўскія сілы ў сярэдзіне краіны, выклікае вялікую незадаволенасць і ў грамадстве, і сярод шмат якіх палітыкаў. За два гады фактычнай вайны з Расейскай Федэрацыяй ані ўкраінскі прэзідэнт, ані ўрад ніяк не абмяжоўвалі гэтыя бізнэсовыя структуры.

У выніку да барацьбы з тымі ж расейскімі банкамі падключыліся сілы, якіх шмат хто ва Украіне называе “праварадыкальнымі”.

Спярша праварадыкалы закідалі камянямі офіс “Ашчаднага банка Расеі”, але прарвацца ў сярэдзіну не атрымалася з-за шчыльнага паліцэйскага кардона. Тады пратэстоўцы ўшчэнт разграмілі расейскі “Альфа-Банк” у цэнтры Кіева, бо там аховы было няшмат. Да актывістаў прыядналіся мясцовыя люмпены, якія не толькі грамілі офіс, але і рабавалі банкаўскую маёмасць.

Адказнасць за пагром ўзялі на сябе байцы батальёна АУН. “Мы гатовыя адказваць за свае ўчынкі”, – заявіў камадзір батальёна Мікола Каханіўскі.

[iframe id=”https://www.youtube.com/embed/mkS0ts4dwVc”]

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя