У Гародні развітаюцца з зімой
Свята праводзінаў зімы сёлета ў Гародні адбудзецца ў суботу, 27 лютага. А з улікам таго, што зімы ў рэгіёне амаль не было, таму і праграму зрабілі больш вясновай.
На выходных гарадзенцам прапануюць хучэй не праводзіць зіму, а сустракаць вясну песнямі, скокамі, конкурсамі, спаборніцтвамі, розыгрышамі, блінамі і салдацкай кашай. Акрамя таго, можна будзе пакатацца на конях, згуляць у пейнтбол і лазертаг, адкрыць сезон на паласе перашкод у «Джунглі-парку» і прыняць удзел у цырымоніі спальвання пудзіла зімы. У гэты ж дзень у рамках свята адбудзецца першае ў краіне «Блінабор’е». На першым этапе ўдзельнікам прапануюць пераадолець трохкіламетровы забег, а лепшыя пяць бегуноў ў фінале паўдзельнічаюць у конкурсе на паяданне бліноў на хуткасць. Пераможцу дастанецца 5 мільёнаў рублёў. Удзельнікаў і гледачоў на сцэне будуць падбадзёрваць Саша Нема, тэатр гумару «Канкан» ды іншыя.
У лесапарку Пышкі размесцяцца сем тэматычных пляцовак ад прадпрыемстваў і арганізацый горада: ваенная, спартовая, турыстычная і іншыя. На адной з пляцовак гараджанаў навучаць печ правільныя бліны, прапануюць паўдзельнічаць у блінных конкурсах: ад паядання на хуткасць да забегаў з блінамі. Арганізуюць і конкурс лесарубаў.
Стартуюць святочныя мерапрыемствы ў 11:00.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота pauza.by