І Марш памяці выклятых жаўнераў выклікае розгалас (абноўлена)
Нікога з афіцыйных прадстаўнікоў горада на “Першым гайнаўскім маршы выклятых жаўнераў” не будзе – запэўнівае бурмістр Гайнаўкі Ежы Сірак. У суботу польскія нацыяналісты ладзяць марш ў гонар між іншымі Рамуальда Райса псеўданім “Буры”, які разам са сваім падпольным атрадам ў 1946 годзе ў ваколіцах Гайнаўкі і Бельска Падляшскага забіў 79 беларускіх жыхароў Падляшша ў тым ліку жанчынаў і дзяцей. Як адзначае бурмістр Ежы Сірак не было юрыдычнай магчымасці забараніць рэгістрацыю маршу:
— Дзень выклятых жаўнераў — свята, афіцыйна прызнанае дзяржавай. Ніякай афіцыйнай дэлегацыі не будзе, але прадстаўнік адміністрацыі будзе назіраць за ходам маршу, каб у выпадку парушэння грамадскага парадку спыніць правядзенне маршу.
Па словах бурмістра пра планаваны маршы магістрат паведаміў паліцыі. Гэта стандартная працэдура ў такіх выпадках, дадае Сірак.
***
Так пра “Першы гайнаўскі марш выклятых жаўнераў” гаворыць дэпутат польскага парламенту ад Падляшша Роберт Тышкевіч. Паводле яго, гэта правакацыя нацыяналістаў супраць мясцовых жыхараў:
– Гэта выкліча страх і непакой і мусіць спаткацца з нашым супрацьстаяннем.
Паводле Тышкевіча, следства Інстытута нацыянальнай памяці адназначна паказвае, што забойства 79 беларускіх жыхароў Падляшша ў 1946 годзе атрадам “Бурага” было генацыдам. Тышкевіча падтрымлівае сябра Форума падялшскай меншасці Адам Мусюк. Ён дамагаецца пашаны ахвяраў “Бурага” і іх сям’яў:
– Як назваць марш памяці Бурага, арганізаваны па тых мясцінах, дзе адбываліся гэтыя забойствы? Як назваць гэты марш памяці, які будзе адбывацца пад вокнамі асоб, якія перажылі гэтую трагедыю, і сваякоў забітых?
Арганізатарам маршу выступае ONR-Беласток і Гістарычнае таварыства імя Дануты “Інкі” Седзікувны. Марш пройдзе 27 лютага ў Гайнаўцы.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя