Наста Лойка: актыўныя “зачысткі” адбываюцца ў дзень сустрэчы прэзідэнтаў



26 жніўня ў Менску супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывіста БХД са Смалявічаў Андруся Кашэўскага, які распаўсюджваў незалежную прэсу.

На Андруся склалі пратакол нібыта за дробнае хуліганства. Праваабаронцы з цэнтру «Вясна» не выключаюць, што справу перададуць у суд Кастрычніцкага раёну Менску.

Гэта трэцяе прэвэнтыўнае затрыманне актывіста падчас шматбаковых перамоваў у Менску пра спыненне вайны на ўсходзе Украіны.

Раней арыштавалі Паўла Вінаградава і Змітра Крамянецкага.

10 сутак арышту за гэтак званае дробнае хуліганства – такое рашэнне вынес суд па адміністратыўнай справе актывіста “Маладога фронту” Змітра Крамянецкага. Яго вінавацяць у дробным хуліганстве. Змітра Крамяняцкага міліцыянты забралі проста з дома.

IMG_0646

“Затрыманні актывістаў звязаны з сённяшняй сустрэчай прадстаўнікоў Мытнага Саюзу, Еўразвязу з прэзідэнтам Украіны, якая праходзіць ў Менску”, – кажа праваабаронца Наста Лойка з Праваабарончага цэнтру “Вясна”.

– Такія актыўныя “зачысткі” адбываюцца ў дзень сустрэчы. І ўчора яшчэ спрабавалі патрапіць да Раманава – маладафронтаўца таксама, але не знайшлі яго дома.

Нагадаем, што ўчора быў затрыманы і арыштаваны на 10 сутак актывіст  Павел Вінаградаў.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя