Украінцы едуць працаваць у Беларусь



Беларусь па-ранейшаму застаецца адным з самых прывабных месцаў для працаўладкавання ўкраінцаў. Адна з галоўных прычын – беспрэцэдэнтнае беспрацоўе ва Украіне, а таксама крыху большыя зарплаты. Але за апошнія месяцы спіс прафесій і спецыяльнасцяў, якія прапануюцца ўкраінцам для працаўладкавання ў Беларусі, істотна змяніўся.

Больш падрабязна – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Афіцыйны ўзровень беспрацоўя ва Украіне – 11%, і гэта самы высокі паказчык за ўсе гады незалежнасці. У некаторых дэпрэсіўных раёнах, памежных з Беларуссю, узровень беспрацоўя сягае 18-20%. Гэта і прымушае ўкраінцаў працаўладкоўвацца ў Беларусі.

Яшчэ поўгода таму самымі запатрабаванымі спецыяльнасцямі былі будаўнічыя і транспартныя. Таксама карысталіся попытам прафесіі кухара, швачкі, прадаўца. Цяпер жа рэкруцкія агенствы, якія вярбуюць украінцаў на працу ў Беларусь, усё часцей прапануюць пасады ў галіне IT-тэхналогій, менеджэмента і кіравання. Так, у спісе вакансій у Беларусі, якія прапануюцца ў Кіеве, ёсць праграмісты, спецыялісты па рэкламе, аналітыкі рынку і т.п.

У спісе іншых запатрабаваных прафесій найчасцей сустракаюцца аграрныя: паляводы, аграномы, ветэрынары.

Спецыялісты ў галіне занятасці тлумачаць сітуацыю тым, што высокакласныя беларускія  спецыялісты не згодныя працаваць за тыя грошы, якія ім прапануюць у Беларусі, і ўсё часцей шукаюць працу ў краінах Еўразвязу.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя