Невядомы твор Быкава прэзентуюць у «Галіяфах»



У 2000-я гады часопіс «Дзеяслоў» рэгулярна друкаваў спадчыну Васіля Быкава. Асабліва гэты працэс актывізаваўся ў час падрыхтоўкі збору твораў класіка ў 14 тамах. Некалькі гадоў лічылася, што ўся напісаная Быкавым проза апублікаваная. Тым не менш, адзін твор знайшоўся – аповед «У тую вясну…», змешчаны ў №80 «Дзеяслова».

bykau_ul_712

На цяперашні момант ён з’яўляецца апошнім адшуканым творам выдатнага пісьменніка, які будзе прэзентаваны падчас уручэння прэміі „Залаты апостраф” часопіса «Дзеяслоў» у кнігарні «Галіяфы» 24 лютага.

“Гэты рукапіс перадала “Дзеяслову” Ірына Міхайлаўна Быкава, – распавядае галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў”, старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч. – Быў ён без назвы, на ім чыёйсьці рукой, мажліва, і самога Быкава, была толькі пазначаная дата: “89 г.”. Расповед у тэксце вёўся ад “я” героя, прычым вельмі шчыра, асабіста, і можна было падумаць, што гэта быў першы падыход Васіля Уладзіміравіча да напісання біяграфічных успамінаў, якія сталі потым кнігай “Доўгая дарога дадому”.

Паводле lit-bel.org