У Маскве сустрэліся Мядзведзеў і Кабякоў



Сустрэча прэм’ер-міністра Расеі Дзмітрыя Мядзведзева з яго беларускім калегам Андрэем Кабяковым прайшла вечарам 24 лютага ў Маскве.

medvedev_kobyakov_29092015-2

Адкрываючы сустрэчу, Мядзведзеў заявіў, што Расеі і Беларусі неабходна скаардынаваць сумесную эканамічную палітыку. „Мы дамовіліся з прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусь аб тым, што непасрэдна перад Вышэйшым дзяржсаветам сустрэнемся, абмяркуем бягучую сітуацыю, перш за ўсё, вядома, у эканоміцы, для таго каб прыняць правільныя рашэнні заўтра на Вышэйшым дзяржсавеце”, — цытуе Мядзведзева расійскае агенцтва ТАСС.

Прэм’ер-міністр Расейскай Федэрацыі возьме ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, якое пройдзе заўтра ў Менску. Пасяджэнне з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна пройдзе ў Палацы Незалежнасці. У парадак дня ўключана больш за дзясятак пытанняў па ўсім спектры дзейнасці Саюзнай дзяржавы.

Фота news.tut.by