Бярозаўскія ІП аднаўляюць працу?
У Бярозе на рынку адкрылася з дзясятак ралетаў. Але асартымент тавару ў прадпрымальнікаў, хто наважыўся працаваць па-новаму, небагаты. Афармленне дакументаў на кожны від тавару вымагае шмат грошай. Але іншага выхаду няма для тых, хто працуе толькі на рынку, як кажа адна з прадпрымальніц Аляўціна Іванаўна:
– Адзін сертыфікат на абутак каштуе 1000 даляраў на 3 гады. Гэта наш беларускі сертыфікат на кітайскі абутак. Аднак толькі гэтага сертыфіката мала. Мне ў Маскве, дзе раблю закупы, даюць накладную на набыццё тавару. Я прыязджаю дадому і не магу яго прадаваць, пакуль гэты абутак не задэкларую. Так, у Берасці гэта каштуе 1 мільён 500 тысяч – за тое, што яны задэкларуюць мой абутак. Але ж, каб паехаць у Маскву, я мушу заплаціць за дарогу 1 мільён 800 тысяч, за дэклараванне – 1 мільён 500 тысяч. І цягам 3-5 дзён яны ўсё гэта робяць. І тут трэба яшчэ заплаціць за дарогу Менск-Берасце.
Па словах прадпрымальніцы, гэта, не ўлічваючы плату за арэнду, сацыяльныя адлічэнні, а таксама падвышаны на 20% падатак на дабаўлены кошт. Падняць цану на тавар немагчыма. Па старых цэнах ніхто не бярэ пры 2 мільёнах заробку. І не стаяць на рынку немагчыма, бо гэта адзіны даход.
Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза
Фота 222.by