Пасяджэнне ВДС: пра крэдыт – ні слова (абноўлена)



 

У Менску завяршылася пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета. У ім узялі ўдзел прэзідэнты Беларусі, Расеі, а таксама высокапастаўленыя чыноўнікі дзвюх краін, паведамляе tut.by.

lukashenko_putin_20160225_phsl_brush_tutby_007

Выступаючы перад журналістамі пасля пасяджэння, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Расея дамовіліся прыкласці максімум намаганняў для ліквідацыі бар’ераў і выключэнняў на адзіным рынку. «Мы прыйшлі да адзінага разумення, што сёння павінны паўсюдна, у яшчэ больш шчыльнай звязцы надаваць як мага больш увагі пытанням эканомікі і прыкладаць максімум намаганняў для нарошчвання ўзаемнага тавараабароту, ўмацавання нашых кааперацыйных сувязяў, фарміравання адзінай прамысловай палітыкі, ліквідацыі бар’ераў і выключэнняў на адзіным рынку », – заявіў ён.

Таксама паведамляецца, што на пасяджэнні быў зацверджаны бюджэт Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі на 2016 год: яго памер складае больш за 6 млрд расейскіх рублёў.

У ліку іншых прынятых рашэнняў – пытанні аб выкананні праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў – удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2014-2015 гады і праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў – удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2016-2017 гады , а таксама аб планаванні прымянення рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі.

«Мы абмеркавалі пытанні міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі, выпрацавалі выразны план дзеянняў рэгіянальнай групоўкі войскаў», – сказаў Лукашэнка.

Кіраўнікі дзяржаў таксама зацвердзілі рашэнне аб дзяржсакратары Саюзнай дзяржавы, аб асноўных пытаннях да пасяджэнняў Вышэйшага дзяржсавета на 2016 год, аб ходзе выканання прыярытэтных напрамкаў і першачарговых задач далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву (2014-2017 гады).

Пуцін і Лукашэнка таксама ўхвалілі рашэнне аб прысуджэнні прэмій Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2015-2016 гады.

Пра крэдыт Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) у памеры двух мільярдаў даляраў, які Менск разлічваў атрымаць, не было сказана ні слова.

Па выніках пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы падпісаны пакет пастаноў, дэкрэтаў і рэзалюцый, між іншымі: пастановы „Аб выніках гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі ў 2015 годзе”, „Аб планаванні прымянення рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі” ды іншыя.

Фота: Дзмітрый Брушко

* * *

Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы пасяджэнне ВДС Саюзнай дзяржавы, падзякаваў прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна за падтрымку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

000019_798356_big

„Хачу падзякаваць вас за падтрымку і за дапамогу, якую вы нам заўсёды аказвалі і аказваеце”, – сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў расейскі бок і за тое, што ў Менск прыехаў не толькі кіраўнік расейскай дзяржавы, але і прэм’ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў. Лукашэнка нагадаў, што бакі дамаўляліся „самавіта” падрыхтаваць цяперашняе пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета. Кіраўнік беларускай дзяржавы з задавальненнем канстатаваў, што на этапе падрыхтоўкі былі праведзены ўсе неабходныя мерапрыемствы. „Мы тройчы з Уладзімірам Уладзіміравічам абмяркоўвалі па тэлефоне пытанні, мы двойчы сустракаліся, апошні раз у Сочы, нашы прэм’еры былі ў кантакце, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Мы старанна падрыхтавалі ўсе пытанні, вывучылі іх. Сённяшняе пасяджэнне – гэта ўжо пік, і мы яго аператыўна правядзём, бо ўсе пытанні вельмі сур’ёзна прапрацавалі „.

* * *

25 лютага ў Менску пройдзе пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Для ўдзелу ў ім у беларускую сталіцу прыбудзе прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін. Парадак дня ўключае больш за дзесяць пытанняў. Большасць з іх — традыцыйныя. Напрыклад, зацвярджэнне саюзнага бюджэту і падвядзенне вынікаў гандлёва-эканамічнай супрацы.

rtr4p7it_putin_lukashenko

Як заявіў прэм’ер Андрэй Кабякоў, будзе рабіцца ўсё, каб мерапрыемства стала “штуршком для актывізацыі двухбаковага таваразвароту”, які ў апошнія гады – правальваецца. Летась экспарт беларускіх тавараў у Расею абваліўся на 31,5 %.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Reuters