На Піншчыне ўзгадваюць Яўгена Шатохіна



1327225392_shatohin5Вядомага беларускага мастака, педагога Яўгена Шатохіна (1947-2012) узгадваюць на Піншчыне. 25 лютага мастаку споўнілася б 69 гадоў, але творца заўчасна памёр у Пінску падчас падрыхтоўкі мерапрыемстваў да 65-гадовага юбілею. Яўген Шатохін за 40 гадоў плённай працы стварыў дзясяткі цыклаў і серый, прысвечаных выбітным асобам, краявідам зямель, дзе давялося пабываць. Галоўнай задачай мастак лічыў адлюстраванне прыгажосці роднай зямлі, яе гісторыі. Таму адной з апошніх тэм стала 600-годдзе Грунвальдскай бітвы. Шатохін зрабіў шмат для захавання гісторыка-культурнай спадчыны Пінска, адзначае гісторык-краязнаўца Эдвард Злобін:

– Ён усім вядомы як мастак, заснавальнік мастацкай школы ў Пінску. Але мне запомнілася тое ўражанне, што засталося пасля адкрытай у 89-ым годзе на вуліцы на Дзень горада фотавыставы “Страчаны Пінск. Горад, які мы згубілі”. Гэта насамрэч было моцнае ўражанне. Ён чалавек, які зрабіў для горада нават гэта – захаванне гістарычнай даўніны Пінска.

Шатохін змог сумясціць у сабе талент мастака і настаўніка, як кажа мастак Аляксандр Грыгор’еў:

– Мастак і настаўнік – гэта, на мой погляд, такія несупастаўляльныя рэчы. А ў яго выпадку ўсё нармальна: і стварыў мастацкую школу ў Пінску, і мае добрых вучняў, ды сам не драмаў – Еўропа, Амерыка…

Паплечнікі і сябры мастака абмяркоўваюць магчымыя мерапрыемствы, якія трэба правесці да 70-годдзя Яўгена Шатохіна. Акрамя выстаў і творчых вечароў, мясцовым уладам ужо сёлета прапануюць надаць мастацкай школе імя яе заснавальніка і першага дырэктара.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота mypinsk.com