Старшыня БАЖу ідзе на БТ
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў пойдзе на БТ у гэтую пятніцу. Андрэй Бастунец запрошаны на запіс перадачы «Клуб рэдактараў», якую вядзе старшыня медыя-холдынга Генадзь Давыдзька. Гэта эфект ліста да старшыні БТ, які акрамя Андрэя Бастунца падпісалі 5 аўтарытэтных журналістаў. Яны прасілі даць магчымасць выказацца ў перадачы і прадстаўнікам незалежных СМІ, на якіх у «Клубе рэдактараў» гучалі выпады, а журналістаў называлі «антыдзяржаўнымі». Запрашэнне на запіс гэтай перадачы БАЖ атрымаў яшчэ на мінулым тыдні, але тады пайсці на БТ па розных прычынах не атрымалася. Пасля чаго дзяржаўныя телебачанне і агенцтва БЕЛТА выступілі з саркастычнымі каментарамі ў бок БАЖу. „Думалі на гэтым яны паставяць кропку, але запрасілі чарговы раз,” – кажа Андрэй Бастунец.
– Гэта было вельмі чакана, такія інтэрпрэтацыі. Я нават падумаў, што яны збіраліся на гэтым і паставіць крыж на нашым звароце. Але, тым не менш, як мы бачым, яны ўсё ж такі вырашылі прадставіць нам слова. Пабачым, якія будуць магчымасці данесці свае думкі.
На Беларускае тэлебачанне трэба прасіцца – заўважыў у праекце «Месца для прэсы» медыя-эксперт і палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі. Ён дадае, што, на жаль, так выглядаюць беларускія рэаліі, калі тэлебачанне выконвае выключна прапагандыскую ролю. З боку «Клуба рэдактараў» на незалежных журналістаў пайшоў «жорсткі накат», – заўважае медыя-эксперт і палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі.
– Таму і ўзнікла такая патрэба даць адказ на той жа пляцоўцы. Я гэта разглядаю як натуральны і правільны крок. Гэта не ёсць нейкім прыніжэннем. А гэта – нагадванне пра тое, што мусіць быць плюралізм і трэба даваць слова ў такіх канфліктных сітуацыях іншаму боку. Іншая рэч, кожны раз не напрасішся, і таму ўсё адно мы вяртаемся да пытання, што трэба карэнным чынам рэфармаваць медыйную сферу.
Яшчэ 12 лютага група журналістаў накіравала на адрас старшыні Белтэлерадыёкампаніі і вядучага перадачы Генадзя Давыдзькі ліст з просьбай даць ім магчымасць выказацца ў “Клубе рэдактараў”. Ліст падпісалі галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, шэф-рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько, шэф-рэдактар “Народнай Волі” Святлана Калінкіна, галоўны рэдактар інтэрнэт-газеты “Салідарнасць” Аляксандр Старыкевіч і старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец. Акрамя Андрэя Бастунца, ніхто з падпісантаў запрашэння на запіс 26 лютага не атрымліваў.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя