У Берасці абралі новае кіраўніцтва філіі БАЖ
У Берасці абралі новая кіраўніцтва мясцовай філіі Беларускай Асацыяцыі Журналістаў. На змену прадстаўніку старога пакалення незалежнай журналістыкі горада Алегу Супрунюку, прыйшоў малады фрылансер Максім Хлябец. Алег Супрунюк па сваёй ініцыятыве заявіў пра намер сысці з кіраўнічай пасады:
— Падзея запланаваная, я падрыхтаваны да таго, што буду перадаваць паўнамоцтвы. У нашай філіі ўжо падрасла моладзь, якая здольная ажыццявіць нейкія свае планы, здабыткі, прапановы. Я думаю, гэта звычайная змена пакаленняў і мне падаецца, што новае кіраўніцтва Берасцейскай філіі БАЖ будзе таксама вельмі плённа працаваць і мы са свайго боку будзем дапамагаць у гэтай справе. Зычу ім поспехаў.
У сваю чаргу Максім Хлябец, апрача рашэння штодзённых задачаў Берасцейскай філіі БАЖ, запэўніў прысутных у тым што будзе працаваць не толькі над афіцыйным бокам дзейнасці арганізацыі. Такі падыход можа ўзмацніць узаемаадносіны сябраў філіі:
— Першае і самае галоўнае паводле мяне, хоць я ў БАЖ і не так даўно, некалькі гадоў, але колькі мы не збіраліся, мы не маглі сабрацца нават на абавязковы сход, не кажучы ўжо пра тое, каб мы сабраліся недзе ў кавярні пагаварыць пра журналісцкія справы. Мяркую, трэба па-першае спалучыць усіх нас. Мы людзі маладыя, але ёсць людзі і сталага ўзросту і можа няма аульных цікавасцяў, але мы усе — журналісты і мы ўсе у БАЖ. Мне здаецца вельмі важна, каб мы пачалі супрацоўнічаць і пайшлі разам на каву. Калі гэта выйдзе, мне падаецца і сама Берасцейская філія БАЖ стане больш моцнай.
Грамадскае аб’яднанне «Беларуская Асацыяцыя Журналістаў» – арганізацыя якая вядзе маніторынг парушэння правоў журналістаў, аказвае юрыдычную ды адукацыйную дапамогу яе сябрам, спрыяе павышэнню прафесійнага майстэрства работніка СМІ. У Берасці яна мае статус афіцыйнай арганізацыі.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце