«Матчынаму руху 328» адмовілі ў сустрэчы з прэзідэнтам



Кіраўніку ініцыятыўнай групы па стварэнні сацыяльна–асветніцкага грамадскага аб’яднання «Матчын рух 328» Ларысе Жыгар адмовілі ў магчымасці асабістай сустрэчы з прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам. Адпаведны ліст атрыманы з галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян пры адміністрацыі прэзідэнта краіны.

У сувязі з неэфектыўнымі захадамі дзяржавы ў справе барацьбы з нарказлачыннасцю актывісткі аб’яднання «Матчын рух 328» мелі намер абмеркаваць сітуацыю з прэзідэнтам краіны. Аднак, як зазначае Ларыса Жыгар, кіраўнік дзяржавы не мае жадання пачуць голас маці, чые дзеці адбываюць тэрміны турэмнага зняволення паводле артыкула 328 крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркатычных і псіхатропных рэчываў):

— Пад гэтымі збытчыкамі наркотыкаў і гандлярамі наркотыкаў аказаліся маладыя хлопцы: пачынаючы ад 14 і заканчваючы 25 – 30 гадамі. Хіба гэта яны ўвозяць у нашу краіну наркотыкі? Быў затрыманы аўтамабіль, у якім знайшлі 45 кілаграмаў гашышу. Чалавеку, які перавозіў гэты груз, інкрымінавалі частку 1 артыкула 328 — без мэты збыту. Даруйце, але кілаграмаў без мэты збыту? Для ўласнага выкарыстання?   

Нежаданне беларускіх уладаў публічна абмяркоўваць сітуацыю з ужываннем і распаўсюдам наркотыкаў стане адной з тэмаў круглага стала, які ладзяць ініцыятары стварэння грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328”. Мерапрыемства адбудзецца ў суботу, 27 лютага а 12-й  гадзіне. Месца правядзення – Гародня, вуліца Будзёнага, 48а.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня