Беларускаму грамадска-культурнаму таварыству – 60 гадоў
Роўна 60 гадоў таму ў Беластоку было заснаванае Беларускае грамадска-культурнае таварыства. Арганізацыя ў пачатку сваёй дзейнасці налічвала каля шасці тысяч сяброў, згуртаваных у некалькіх аддзелах на Беласточчыне, а таксама ў Варшаве і Гданьску. Таварыства на той час займалася развіццём беларускага школьніцтва на Падляшшы, падтрымкай нацыянальнай свядомасці, арганізаваннем народных фэстаў і канцэртаў.
На думку старшыні Яна Сычэўскага, Беларускае Таварыства на працягу 60 гадоў зрабіла шмат карыснага дзеля падтрымання і развіцця беларускай культуры.
– Нічога асабліва дрэннага не было. Па-першае, мы не былі палітычнай арганізацыяй. Па-другое, таму, што мы перадусім служылі свайму народу. І калі ўзяць пад увагу “Ніву”, калі ўзяць пад увагу ўсе формы дзейнасці – яны былі сканцэнтраваныя на беларускай асвеце, на беларускай культуры. І мы не саромемся, мы гэтым ганарымся да гэтай пары.
Ян Сычэўскі Таварыствам кіруе больш за 20 гадоў.
Заўтра (27.02) на ўрачыстым пленуме БГКТ, прысвечаным юбілею, заслужаныя актывісты атрымаюць дзяржаўныя ўзнагароды ад уладаў Польшчы і Беларусі.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя
Фота bialystok.wyborcza.pl