Беларусь “анэксуе” ўкраінскую тэрыторыю на поўначы Валыні?



Так, прынамсі, сцвярджаюць грамадскія актывісты вёскі Ветлы ва ўкраінска-беларускім сумежжы.

Больш падрабязна распавядае наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Демаркацыя беларуска-украінскай мяжы, што пачалася яшчэ летась, сутыкнулася з першымі сур’ёзнымі праблемамі. У час палявых працаў беларускія памежнікі перайшлі дзяржаўную мяжу, якая праходзіць па Жыроўскім канале і пачалі секчы дрэвы на ўкраінскай тэрыторыі, каб паставіць на тым месцы памежныя знакі Рэспублікі Беларусь. Тэрыторыя, на якую прасунуліся беларускія памежнікі, складае ад 20 да 100 метраў углыб Украіны, прытым працягласць парушэння – да 20 кіламетраў.

Гэта і выклікала абурэнне ў сумежнай украінскай вёсцы Ветлы. Грамадскія актывісты ўжо звярнуліся ў Абласную Дзяржаўную адміністрацыю Валынскай вобласці і да кіраўніцтва памежнага атраду «Дольск». Украінскія памежнікі паведамілі, што згодна дамовы між Украінай і Беларуссю пра дзяржаўную мяжу ад 12 траўня 1997 года, размежаванне акурат і праходзіць па рэчышчы Жыроўскага канала.

Пра памежны канфлікт паведаміла інфармацыйная агенцтва «Валынскія навіны». Рэакцыя беларускага боку на гэты памежны канфлікт пакуль невядомая.

 Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: tut.by