Рада Беластока ўшанавала памяць “выклятых жаўнераў”
Рада Беластока ўшанавала памяць герояў антыкамуністычнага падполля – так званых “выклятых жаўнераў”.
Гэта не спадабалася Славаміру Назаруку з “Форуму падляшскіх меншасцяў”. Ён хацеў, каб у тэксце была згадка пра дзейнасць бандаў, якія забівалі на Падляшшы цывільных жыхароў.
Сярод іншых, такім быў аддзел Рамуальда Райса “Бурага”, кажа Славамір Назарук:
– Папраўка, якую магчыма было ўнесці, зрабіла б крок наперад. Было меркаванне, што выклятыя жаўнеры – гэта тыя, якія паступалі этычна ці не здзяйснялі не этычных учынкаў. Гэта вельмі далікатная справа.
Ініцыятарам ушанавання з’яўляецца Тамаш Янчыла з клуба “Грамадзянскай платформы”. Як адзначыў радны Янчыла, ён не меў намеру ўшаноўваць “Бурага”, а толькі сапраўдных патрыётаў, якіх сярод “выклятых жаўнераў” была большасць:
– Гэта не так, што ў каталог “выклятых жаўнераў” можна ўнесці кожнага бандыта, які забіваў цывільнае насельніцтва, бо тут для мяне ўзорам хутчэй з’яўляецца ротмістр Вітальд Пілецкі ці Фельдорф Ніл.
1-га сакавіка ў Польшчы ўшаноўваюць памяць “выклятых жаўнераў” антыкамуністычнага падполля пасляваеннага перыяда. Адным з “выклятых жаўнераў” з’яўляецца капітан Рамуальд Райс “Буры” – адказны за забойства амаль 80-ці асобаў беларускай нацыянальнасці ў студзені і лютым 1946 года.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя