Барыс Жаліба: Крэдыты прыйдзецца аддаваць нашым дзецям і ўнукам
“Нават пасля атрымання крэдытаў ад Еўразійскага і Міжнароднага валютнага фондаў жыць беларусы лепей не стануць”, – мяркуе эканаміст Барыс Жаліба.
Як ужо паведамлялася, новая крэдытная праграма Беларусі з Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) разлічана на два гады. Такая інфармацыя прыводзіцца ў лютаўскім эканамічным аглядзе кампаніі “ВТБ Капітал” (інвестыцыйнае падраздзяленне расейскай фінансавай групы ВТБ).
Агляд змяшчае неафіцыйную інфармацыю адносна тэрмінаў і сум траншаў, якія можа атрымаць Беларусь у выпадку падпісання новых крэдытных праграм з ЕФСР і Міжнародным валютным фондам (МВФ), піша БелаПАН.
“Мы разумеем, што праграма Беларусі з МВФ будзе ўключаць тры роўныя траншы па 1 млрд даляраў кожны, у той час як праграма з Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця складаецца з першага траншу ў памеры 1,1 млрд даляраў ў 2016 годзе і трох траншаў у 2017-м — на 500 млн, 300 млн і 200 млн даляраў”, — гаворыцца ў аглядзе.
РР: Ці выратуюць гэтыя грошы беларускую эканоміку, ці стануць беларусы пасля гэтага жыць лепей?
Барыс Жаліба: Яны не стануць панацэяй, не выратуюць эканоміку, а беларусам ад крэдытаў шмат не дастанецца. У гэтым годзе беларускім уладам неабходна аддаць пазыкі – больш за 3 мільярды даляраў, таму ўвесь першы транш Еўразійскага фонда і пойдзе на пагашэнне запазычанасцяў. А астатняе будзем аддаваць са свайго ўласнага валютнага прыбытку, калі нешта заробім. Таму гэтыя крэдыты – паняцце філасофскае. Яны быццам бы ёсць, і іх быццам бы няма. Натуральна, улады робяць усё магчымае, каб атрымаць крэдыт МВФ. З ім будзе хоць нейкая падушка бяспекі, можна будзе нават крыху папоўніць залатавалютныя рэзервы. А тое, што жыць лепш не станем, гэта хутчэй за ўсё. Таму што беларуская эканоміка разам з расейскай прыйшла да таго, што мы жывем у поўнай залежнасці ад сусветных коштаў на нафту. І гэта вельмі сумна.
РР: Жыццё ў крэдыт працягваецца?
Барыс Жаліба: І яно надалей будзе працягвацца, мы пастаянна ходзім па крэдытнаму кругу, які называецца “фінансавай пірамідай”. А піраміды рана ці позна, але развальваюцца. І крэдыты прыйдзецца аддаваць нашым дзецям і ўнукам.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя