Да 12 верасня Еўропа і Украіна павінны „зняць занепакоенасць” Расеі (абноўлена)



Як паведаміў Аляксандр Лукашэнка па выніках Менскага саміту, Мытны звяз і асабліва Расея занепакоеныя ўздзеяннем Пагаднення аб асацыяцыі Еўразвяза і Украіны на рынак Беларусі, Казахстана і Расеі. Таму група, што працуе над ратыфікацыяй пагаднення, якое адбудзецца 12 верасня, мусіць  «зняцць занепакоенасць».

– Трэба, каб  ужо да 12 верасня працоўная група выпрацавала прапановы па «зняцці занепакоенасці»  Мытнага звяза, Расеі, якое тычыцца пагадненняў аб асацыяцыі Украіны з Еўразвязам.

Калі ж Расея застанецца занепакоенай, то яна скасуе гандлёвыя прэферэнцыі для Украіны, заявіў Уладзімір Пуцін:

– Расея ў гэтай сітуацыі не можа бяздзейнічаць. І мы проста будзем вымушаныя, я хачу гэта падкрэсліць, прыняць меры ў адказ, абараніць свой рынак. Мы не хочам некага дыскрымінаваць, не збіраемся і не будзем гэтага рабіць. Проста будзем вымушаны ўвесці супраць Украіны стандартны гандлёвы рэжым.

Паводле падлікаў Пуціна, страты Расеі ад асацыяцыі Украіны з Еўразвязам складуць не менш як 100 мільярдаў расейскіх рублёў.

* * *

Абмяркоўваючы падчас Менскага саміту пагрозу рээкспарту еўрапейскіх тавараў пад выглядам украінскіх у Расею пасля ратыфікацыі пагаднення Украіны з Еўразвязам, Уладзімір Пуцін у прысутнасці Аляксандра Лукашэнкі нечакана сказаў:

– У нас нават у рамках Мытнага звяза ўжо сёння ідзе забарона на ўвоз на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі тавараў з краін ЕЗ. У дадзеным выпадку, на жаль, гэта ідзе праз Беларусь. 

Нагадаем, Расея ўвяла забарону на ўвоз еўрапейскага харчавання ў адказ на санкцыі Еўразвязу за ўмяшальніцтва Масквы ў справы Украіны.

Рыгор Сапяжынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота belta.b