Шуневіч: МУС змяніла стаўленне да несанкцыянаваных акцый



МУС крыху змяніла сваё стаўленне да несанкцыянаваных масавых акцый, заявіў міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч 1 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску.

„Змянілася рыторыка як знешняя, так і ўнутрыпалітычная. Мы знайшлі пэўны, які задавальняе ўсіх, алгарытм, дастаткова цывілізаваны, рэагавання на парушэнні закону ў гэтай форме – правядзення несанкцыянаваных мерапрыемстваў, – заявіў ён. – Мы знайшлі прымальны з пункта гледжання дзяржаўнай улады і цывілізаваны з пункта гледжання міжнародных патрабаванняў алгарытм нашых дзеянняў”.

МУС, паводле слоў Шуневіча, не пакідае без увагі ніводнае такое здарэнне, рэагуе, „складаючы адміністрацыйныя пратаколы і накіроўваючы іх у суд для разгляду”.

„Такая практыка сёння прымяняецца, і, улічваючы агульную крымінагенную сітуацыю ў краіне і ўнутрыпалітычную сітуацыю, яе дастаткова”, – канстатаваў міністр.

belapan.by