Мінюст у шосты раз адмовіў у рэгістрацыі БХД



Міністэрства юстыцыі ў чарговы, шосты, раз адмовіла ў рэгістрацыі партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД). На думку Мінюста, пры стварэнні арганізацыі „былі дапушчаныя грубыя парушэнні заканадаўства Рэспублікі Беларусь”.

Як паведамляе сайт Мінюста, „у ходзе выбарачнай праверкі шэраг грамадзян, пазначаных у ліку заснавальнікаў партыі, заявілі пра тое, што не маюць да партыі ніякага дачынення і не ўдзельнічалі ў яе стварэнні, не ставілі сваіх подпісаў у спісе заснавальнікаў. Асобныя грамадзяне ў спісе заснавальнікаў былі пазначаныя неаднаразова, а ў дачыненні да шэрагу іншых заснавальнікаў партыі былі прыведзеныя неадпаведныя сапраўднасці звесткі”.

Таксама, заяўляюць у Мінюсце, аргкамітэт парушыў патрабаванне пра тое, што ў якасці заснавальнікаў палітычнай партыі маюць права выступаць толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь.

Пры разглядзе дакументаў, пададзеных для дзяржаўнай рэгістрацыі, у Мінюста, паведамляе ведамства, паўсталі „абгрунтаваныя сумневы адносна вылучэння неабходнага ліку дэлегатаў ад 1041 заснавальніка партыі”. „У сувязі з чым Міністэрствам юстыцыі ў прадстаўнікоў створанай партыі лістом была запытаная інфармацыя адносна склікання і правядзення яе ўстаноўчага з’езда, не прадстаўленая пры падачы пакета дакументаў для яе дзяржаўнай рэгістрацыі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Запытаная інфармацыя не была прадстаўленая ў Міністэрства юстыцыі, у сувязі з тым дзяржаўная рэгістрацыя партыі была прыпыненая на адзін месяц. Аднак, адзначаюць у ведамстве, гэтая інфармацыя не пададзеная ў рэгіструючы орган i пасля заканчэння тэрмiну для разгляду дакументаў аб дзяржаўнай рэгістрацыі партыі.

У сувязі з гэтымі „і іншымі шматлікімі парушэннямі, дапушчанымі заснавальнікамі”, Міністэрствам юстыцыі прынятае рашэнне адмовіць у дзяржаўнай рэгістрацыі БХД. Гэтае рашэнне можа быць абскарджанае яе заснавальнікамі ў Вярхоўным судзе.

Устаноўчы з’езд партыі прайшоў 12 снежня ў Менску, дакументы ў Мінюст на рэгістрацыю былі перададзеныя 24 снежня.

Аргкамітэту БХД раней было адмоўлена ў рэгістрацыі партыі пяць разоў. Першы ўстаноўчы з’езд партыі прайшоў у 2009 годзе, у 2010-м — яшчэ два. Чацвёртая спроба рэгістрацыі партыі была зробленая ў снежні 2011-га, а пяты ўстаноўчы з’езд адбыўся 13 чэрвеня 2015 года. Сярод прычын апошняй нерэгістрацыі Мінюст называў адмову двух заснавальнікаў партыі ад сваіх подпісаў, а таксама дробныя недакладнасці, якія, на думку прадстаўнікоў БХД, не могуць ставіць пад сумнеў рэгістрацыю палітычнай партыі.

Адзначым, што хрысціянскія дэмакраты Беларусі не аднойчы спрабавалі зарэгістравацца таксама ў якасці розных рэгіянальных і рэспубліканскіх грамадскіх аб’яднанняў.

Раней хрысціянскія дэмакраты заяўлялі пра намер падаць заяўку на ўключэнне ў Кнігу рэкордаў Гінеса па колькасці адмоў у рэгістрацыі.

У сакавіку 2011 года ў інтэрв’ю The Washington Post Аляксандр Лукашэнка заявіў, што БХД, „верагодна, ніколі не будзе зарэгістраваная”. „Яны ўдзельнічалі ў беспарадках. Яны не хрысціянскія дэмакраты, яны бандыты”, — сказаў ён.

БелаПАН