Апошняе слова Саўчанкі: Расея мяне верне Украіне – жывой ці мёртвай (абноўлена)
На публічнай старонцы Надзеі Саўчанкі ў фэйсбуку ў чацвер, 3 сакавіка, з’явіўся тэкст яе апошняга слова, з якім яна, як чакаецца, выступіць у судзе 9 сакавіка.
Фота РИА Новости
Да паста таксама прымацаваныя фотаздымкі рукапісаў з прамовай:
“Я не прызнаю ні віны, ні прысуду, ні расейскага суда. У выпадку абвінаваўчага прысуду — апеляцыі не будзе. Я хачу, каб увесь цывілізаваны дэмакратычны свет зразумеў, што Расея — гэта краіна трэцяга свету з таталітарным рэжымам і дыктатарам-самадурам, у якой плююць на правы чалавека і міжнароднае права.
Абсурднай з’яўляецца сітуацыя, калі тыя, хто выкрадае людзей — падвяргае іх катаванням, потым яшчэ і робяць выгляд, што маюць права іх судзіць. Аб якім справядлівым судзе тут можа ісці гаворка? У Расіі суда і следства няма! Тут ёсць фарс лялечных марыянетак Крамля, і я лічу цалкам залішнім марнаваць час свайго жыцця на тое, каб прыняць у ім удзел!
Таму апеляцыі не будзе, а будзе наступнае: пасля прысуду я працягну галадоўку яшчэ на дзесяць дзён, пакуль прысуд не набудзе моц, і гэта незалежна ад перакладу прысуду на ўкраінскую мову, таму што з перакладам яны ўмеюць доўга час цягнуць. Праз дзесяць дзён я абвяшчу сухую галадоўку, і тады ў Расіі ёсць не больш за дзесяць дзён, каб вярнуць мяне Украіне, адкуль выкралі! І мяне не хвалюе, якім чынам яны будуць гэта даказваць. Я чула аб дастаткова нядрэнных здольнасцях Пятра Аляксеевіча Парашэнкі ў дыпламатыі. Ну што ж, я спадзяюся, што яго дыпламатычных здольнасцяў хопіць на тое, каб у Расіі дамовіцца з адным ідыётам… Бо ён абяцаў маёй маці, што яшчэ на травеньскія святы 2015 я буду дома.
І пакуль мной будуць гандлявацца, жыццё мяне будзе пакідаць, і Расія мяне ўсё роўна верне ва Украіну жывой ці мёртвай! Але верне!
І ўсе гэтыя дзесяць дзён каля брамы СІЗА будзе дзень і ноч стаяць мая сястра і будзе чакаць — ці выпусцяць, вынесуць мяне. Калі вы яе пасадзіце — на яе месца прыйдзе і стане мая маці, ёй 77 гадоў. Вы і яе пасадзіце? Тады на яе месцы будзе мая сяброўка, мой сябар, а за імі Украінец за Украінскае! І запомніце — усіх вам сюды не запхнуць! А пакуль мае суайчыннікі будуць стаяць, простыя, сумленныя і прыстойныя рускія з навакольных дамоў пачнуць ім прыносіць гарачую гарбату, бутэрброды і цёплыя коўдры, таму што кожны з іх разумее, што на маім месцы можа апынуцца дзіця кожнага з іх у гэтай турме народаў пад назвай Расія!
А так пачынаецца Майдан! А яно вам трэба?! Вы ж баіцеся гэтага, як агню! Таму Крамлю лепш вярнуць мяне ва Украіну як мага хутчэй і жывой!
А ўсяму свету з дэмакратычнымі каштоўнасцямі лепш своечасова ўсвядоміць ўрокі гісторыі і ўспомніць, што ў свой час Еўропа была талерантнай з Гітлерам, Амерыка не была досыць рашучай, і гэта прывяло да Другой Сусветнай вайны. Пуцін — гэта тыран з імперскім замахам і комплексамі Напалеона і Гітлера разам узятымі. А мядзведзь чалавечай мовы не разумее, ён разумее толькі мову сілы. Таму, калі мы не станем больш рашучымі і не вызначым своечасова правільныя прыярытэты, то будзем хутка мець Трэцюю Сусветную Вайну.
Я зараз ужо як палітык, больш не падам рукі Расеі на палітычнай арэне. Вельмі не пасуе падаваць рукі таму, хто трымаў цябе ў кайданках, а твой народ — у кайданах. Але прымаючы кожнае сваё палітычнае рашэнне, я заўсёды буду думаць, як яно адгукнецца на простым народзе — як Украіны, так і Расіі. Таму што ў Расіі, нягледзячы ні на што, ўсё ж ёсць шмат сумленных, прыстойных, добрых і няшчасных людзей”.
* * *
Украінская лётчыца Надзея Саўчанка, абвінавачаная ў датычнасці да забойства расейскіх журналістаў, абвясціла сухую галадоўку ў знак пратэсту супраць пераносу яе выступу на працэсе з апошнім словам, паведамляе bbc.com.
Суд раптам адклаў пасяджэнне на 9 сакавіка. Саўчанка адрэагавала на гэта вельмі эмацыйна і аб’явіла, што пачынае сухую галадоўку неадкладна.
Сёння Саўчанка планавала выступіць з апошнім словам, пасля чаго суд павінен быў абвясціць дату абвяшчэння прысуду. Адвакаты настойваюць на тым, што віна Саўчанкі не даказаная. Зрэшты, яны не сумняюцца, што прысуд будзе абвінаваўчы.
Нагадаем, пракурор папрасіў пакараць Саўчанку 23 гадамі калоніі.
Фота AFP