Пашпартная праблема паміж Беларуссю і Украінай
Дэпартамент консульскай службы ўкраінскага МЗС адрэагаваў на заяву беларускага Дзяржаўнага памежнага камітэта. Той заявіў, што новыя ўкраінскія пашпарты ў выглядзе ID-карткі несапраўдныя для перасячэння беларускай мяжы. Украінскі бок нагадаў, што паміж дзвюма краінамі дзейнічае міжурадавае пагадненне аб бязвізавых паездках грамадзян ад 12 чэрвеня 2009 года. У адпаведнасці з гэтым дакументам украінцы могуць уехаць у Беларусь па наступных дакументах: пашпарт грамадзяніна Украіны, пашпарт грамадзяніна Украіны для выезду за мяжу, дыпламатычны, службовы пашпарт, праязны дакумент дзіця.
Украіна яшчэ ў снежні 2015 года, да ўвядзення новых пашпартоў, накіравала Беларусі дыпламатычную ноту і ўзоры электронных дакументаў. Пры гэтым перасцярогаў ад беларускага боку ў сувязі з выкарыстаннем электронных пашпартоў не паступала. У бліжэйшы час пройдуць беларуска-украінскія кансультацыі па гэтым пытанні.
Новыя электронныя пашпарты Украіна ўвяла з 1 студзеня 2016 года.