Андрэй Фёдараў: Па самых сур’ёзных пытаннях дамовіцца, відаць, не ўдалося



Менскі саміт з удзелам прэзідэнтаў Украіны і Расеі пакінуў пасля сябе шмат пытанняў. Ці спыніцца пасля гэтага вайна ва Украіне? Ці будзе знойдзена кампраміснае рашэнне паміж Крамлём і Кіевам? Вынікі сустрэчы падводзіць палітолаг Андрэй Фёдараў.

Андрэй Фёдараў: Пакуль цяжка даваць нейкія ацэнкі, бо не ўсё ж вядома. Так, добра, што канфліктуючыя бакі сустрэліся і пагутарылі. І гэта, здаецца, адзіны станоўчы вынік, пра які можна сказаць канкрэтна. У астатнім рашэнні, калі і былі прынятыя, то не факт, што будуць выконвацца. Трэба пачакаць рэальных вынікаў перамоваў. Мы іх зусім хутка ўбачым па тых падзеях, што будуць адбывацца ва Украіне.

 РР: Пуцін сустрэўся адзін на адзін з Парашэнкам, але ізноў-такі мала канкрэтыкі па выніках перамоваў. На ваш погляд, чаму?

 Андрэй Фёдараў: Відаць, не ўдалося дамовіцца па самых сур’ёзных пытаннях. Няма чым парадаваць свае народы прэзідэнтам. Думаю, калі б агульнае станоўчае рашэнне знайшлі, то хаваць яго не было б сэнсу.

 РР: Прагучала, што Расея і Україна, магчыма, узмацняць кантроль на мяжы. Пойдзе на такі крок Масква?

 Андрэй Фёдараў: У мяне ёсць вялікія сумненні. Расея ставіць перад сабой на мэту, калі не поўнасцю разваліць Украіну, то, ва ўсялякім выпадку, трымаць яе ў пастаянным напружаным стане, каб дасягнуць свае геапалітычныя мэты. Паўтаруся, пачакаем вынікаў, бо ніякіх канкрэтных дамоўленасцей не было.

 РР: Па словах Пуціна, Расея не можа дамаўляцца па ўмовах спынення агню ва Украіне, бо гэта ўнутраная справа самой Украіны. Лідары ж так званай ДНР ужо кажуць нават не пра федэралізацыю, а разглядаюць толькі ўласную незалежнасць. Такое ўвогуле магчыма?

 Андрэй Фёдараў: Пры пэўных умовах – так, але на сёння не рэальна. Расея ўвогуле займае, мякка кажучы, цікавую пазіцыю. Здаецца, яна ў вайне і ні пры чым, хоць усім добра вядома адкуль і чые вушы тырчаць. Калі б Крэмль супакоіўся, то бунт сепаратыстаў ва Украіне даўно падавілі б украінскія сілы, якія, да слова, не ў лепшым стане. Падтрымліваць сепартыстаў з-за вугла – гэта не прыстойна для краіны. У выніку зараз на Усходзе Украіны ідзе такая крывавая валтузня, што многім наогул цяжка зразумець, што там адбываецца на самай справе. Зразумела адно – калі б не Расея, то канфлікт ужо вырашыўся б. Ці заставяць Крэмль адмовіцца ад сваёй палітыкі? Пакуль гэта не атрымоўваецца.

 РР: Калі пасля перамоваў у Менску вайна ва Украіне працягнецца, ці можна сказаць, што яны закончыліся правалам?

 Андрэй Фёдараў: Лепш сказаць, што не прынеслі поспеху. Але, калі масштабы ваенных дзеянняў хоць трохі скарацяцца, значыцца ўжо будзе нейкі вынік. Застаецца спадзявацца на лепшае…

 Кастусь Заблоцкі, Беларускае РадыёРацыя

Фота arche.by