Глядзім кіно па-беларуску



У айчынных кінатэатрах верагодна з’явяцца фільмы з беларускамоўнай агучкай. Пра гэта заявіў кіраўнік перакладніцкага праекта “Кінаконг” падчас кінапрагляду ў бізнес-цэнтры “Імагуру”. “Мы арганізоўваем прагляды па-беларуску, бо сёння гэта не робіць дзяржава,” – гаворыць кіраўнік праекта Андрэй Кім.

– У красавіку амерыканская амбасада зладзіць фестываль дакументальных стужак, якія будуць перакладзены на беларускую мову, праўда, толькі з субтытрамі. З іншымі нашымі партнёрамі мы размаўляем пра тое, каб на фестывалі нацыянальнага кіно паказваць стужкі не толькі з беларускімі субтытрамі, але і ў беларускай агучцы.

“Спадзяюся, гэта закладзе добрую тэндэнцыю для ўсяго відэапраката,” – дадаў Андрэй Кім. Фестываль дакументальнага кіно пройдзе з 4-га па 10-га красавіка. Паказы будуць адбывацца ў сталічным кінатэатры “Перамога”.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя