Святлана Алексіевіч і яшчэ 270 сусветных дзеячаў патрабуюць вызваліць Саўчанку



Аўтарамі ліста з’яўляюцца лаўрэаты Нобелеўскай прэміі, пісьменнікі, навукоўцы, палітыкі, грамадскія дзеячы, філосафы, мастакі, якія прадстаўляюць, прынамсі, 20 краін свету, піша «Еўрапейская праўда».

саўчанка

(Фота bel.sputnik.by)

Сярод падпісантаў звароту з патрабаваннем вызваліць украінскую лётчыцу Надзею Саўчанку – Святлана Алексіевіч (лаўрэатка Нобелеўскай прэміі ў літаратуры, Беларусь), Томас Венцлава (лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў літаратуры, Літва-ЗША), Эльфрыда Елінек(лаўрэатка Нобелеўскай прэміі ў літаратуры, Аўстрыя), Маркус Мэкель (экс-кіраўнік МЗС Нямеччыны), Гі Вэрхафштат (прэзідэнт Групы Альянс лібералаў і дэмакратаў за Еўропу ў Еўрапейскім парламенце, былы прэм’ер-міністр Бельгіі), Віктар Шандэровіч (пісьменнік, Расея), Агнешка Холанд (рэжысёр, Польшча), Міхаіл Эпштэйн (прафесар кафедры тэорыі культуры і рускай літаратуры Універсітэта Эмары, Атланта (ЗША) ды іншыя.

Яны заклікалі еўрапейскіх лідараў «ужыць надзвычайныя захады з мэтай неадкладнага і безумоўнага вызвалення 34-гадовай Надзеі Саўчанкі, грамадзянкі Украіны, выкрадзенай і змешчанай у турму на 20 месяцаў у Расейскай Федэрацыі» і прыйшлі да высновы, што «наша здольнасць выратаваць яе жыццё будзе праверкай эфектыўнасці міжнароднай дыпламатыі і нашай адданасці еўрапейскім каштоўнасцям».

Ініцыятыва збору подпісаў пад адкрытым лістом была запушчаная групай польскіх і ўкраінскіх інтэлектуалаў, цягам толькі аднаго дня было сабрана больш за 5 тысяч подпісаў.

Далучыцца да ініцыятывы могуць усе ахвотныя – падпісаць адкрыты ліст можна тут.

Як вядома, Надзея Саўчанка абвясціла сухую галадоўку 3 сакавіка, пасля таго, як суд не даў ёй выступіць з апошнім словам і перанёс пасяджэнне на 9 сакавіка.

Пры гэтым Саўчанка забараніла карміць сябе гвалтоўна, аднак, як тлумачылі адвакаты, паводле расейскага заканадаўства, ёй не могуць дазволіць памерці.

Напярэдадні ў шэрагу ўкраінскіх і еўрапейскіх гарадоў прайшлі акцыі ў яе падтрымку.