У прадпрымальнікаў правяраюць тавар на беларуска-расейскай мяжы
У беларускіх прадпрымальнікаў пачалі правяраць рэчы на беларуска-расейскай мяжы. Гандляры, якія ездзяць па тавар у Расею, падчас вяртання ў Беларусь, цяпер падлягаюць праверкам на мяжы з боку супрацоўнікаў адказных службаў, у тым ліку падатковай інспекцыі.
Пра гэта паведаміла віцебская прадпрымальніца, старшыня стваранага прафсаюзу «Разам» Ірына Яскевіч. Службы цікавіць выключна толькі тавар, які ўвозіцца ў Беларусь:
– Ім важней за ўсё тыя паперы, тыя дакументы, якія яны ім паказваюць. Гэтыя дакументы фіксуюць для таго, каб потым прадпрымальнік заплаціў дваццаць працэнтаў пошліны ад кошту гэтых тавараў. А больш на сённяшні дзень іх нічога не турбуе. Гэта будзе адной з крынічкай папаўнення бюджэту.
Таксама Ірына Яскевіч звяртае ўвагу на той факт, што расейскія сертыфікаты якасці і бяспекі надалей не прызнаюцца ў Беларусі, таму пасля таго, як тавар увезены ў краіну, неабходна падцвердзіць яго бяспеку яшчэ і ў беларускіх адказных органах.
Яна Запольская, Беларускае РадыёРацыя