ПБНФ патрабуе вызвалення Надзеі Саўчанкі



9 сакавіка старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч накіраваў у амбасаду Расеі ў Менску петыцыю з патрабаваннем неадкладнага вызвалення ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі. Партыя БНФ кваліфікуе дзеянні прарасейскіх сепаратыстаў і расейскіх уладаў па выкраданні і пераследзе ўкраінскага вайскоўца як акт міжнароднага тэрарызму і парушэнне Менскіх пагадненняў паўрэгуляванні канфлікта на паўднёвым усходзе Украіны.

У заяве адзначаецца, што арышт, зняволенне і судовы разгляд абвінавачанняў па справе Надзеі Саўчанкі не мае нічога агульнага з правам, а з’яўляецца непрыхаванай расправай, матываванай сумнеўнымі палітычнымі разлікамі і мэтамі застрашэння законных уладаў Украіны.

„Надзея Саўчанка, як украінскі вайсковец, ажыццяўлала законныя і справядлівыя дзеянні па абароне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ва ўмовах антытэрарыстычнай аперацыі супраць незаконных узброеных фармаванняў сепаратыстаў у Данецкай і Луганскай абласцях Украіны. Выкраданне Надзеі Саўчанкі сепаратыстамі, яе гвалтоўны вываз з тэрыторыі Украіны і яе незаконная перадача расейскім уладам з’яўляюцца актам міжнароднага тэрарызму – міжнароднымі злачынствамі, здзейсненымі сепаратыстамі ў змове з расейскімі органамі ўлады” – гаворыцца ў заяве Партыі БНФ.

Партыя БНФ адзначае, што пераслед украінскага вайскоўца парушае пункт 6 падпісанага Расеяй 12 лютага 2015 года ў Менску Комплекса захадаў па выкананні Менскіх пагадненняў датычна вызвалення закладнікаў і ўсіх незаконна затрыманых асобаў на аснове прынцыпа „усіх на ўсіх”.

Партыя БНФ патрабуе ад уладаў Расейскай Федэрацыі неадкладнага вызвалення грамадзянкі Украіны Надзеі Саўчанкі, зняцця з яе ўсіх крымінальных абвінавачанняў і вяртання яе на тэрыторыю Украіны ў адпаведнасці з падпісанымі Расейскай Федэрацыяй ў Менску пагадненнямі ад 12 лютага 2015 года.

narodny.org