Людміла Дзенісенка: Лічу, што Надзея Саўчанка – злачынец
Беларусы выступаюць за вызваленне Надзеі Саўчанка. Так сёння, 9 сакавіка, у Менску прайшла акцыя ў яе падтрымку, як і ў шматлікіх гарадах свету. Ці павінны расейскія ўлады выпусціць на волю лётчыцу, або перадаць яе ўкраінскім уладам? У чым вінавата грамадзянка Украіны і ці з’яўляюцца абвінавачванні ў яе бок палітычна матываванымі? На такія пытанні мы папрасілі даць адказы берасцейскіх прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх рухаў.
Старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі ўпэўнены, што расейскія ўлады парушылі нормы закону і прымусова трымаюць жанчыну ў палоне:
– Грамадзянку Украіны выкрадаюць і перавозяць у іншую краіну, і там яе судзяць – гэта проста недапушчальна. Бо яна нічога не парушала. Яна абараняла сваю краіну. Сваіх людзей. Зараз, на мой погляд, – гэта катаванні, якія адбываюцца над ёй. І зараз па ўсім свеце праходзяць акцыі салідарнасці. Думаю, яны вельмі важныя для Надзеі Саўчанкі, таму што гэта, на мой погляд, павінна паскорыць вырашэнне пытання, каб яе вярнулі на радзіму жывой і здаровай. Надзея нічога не парушыла, таму што яна абараняла тэрыторыю ўласнай краіны. Яна патрыёт сваёй краіны. Безумоўна, яна выковала загады сваіх камандзіраў і абараняла тэрытарыяльную непадзельнасць Украіны. Гэта святы абавязак кожнага патрыёта сваёй краіны. І так ёсць ва ўсім свеце.
Людміла Дзенісенка, старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі партыі левых “Справядлівы свет”: Што датычыць Саўчанкі. Я лічу, што яна злачынец. Яка была карэктыроўшчыцай на Данеччыне. Накіроўвала агонь артылерыі на горад Данецк. Там знаходзіліся дзеці, жанчыны, старыкі. Яна чалавек ваенны. Калі яна ішла на гэта, то ведала, што будзе адказваць у выпадку, калі трапіць у палон. Я сама чалавек ваенны, я ведаю, што гэта такое. Таму, я думаю, тое, што ёй далі тэрмін 12 гадоў, – тэрмін абаснаваны. І суд, я лічу, цалкам выканаў свае функцыі, у тым сэнсе, што была вынесена гэтая мера пакарання. Я лічу, калі Расея выдасць яе Украіне, то яна адседжваць гэты тэрмін, зразумела, не будзе. Таму, я не думаю, што Расея перадасць яе Украіне. Абмен можа быць здзейснены толькі раўнацэнны. Калі на Украіне знаходзіцца расейскі ваеннапалонны, які атрымаў нейкі тэрмін пакарання, то тады можа адбыцца абмен. Так рабілася раней. Шмат прыкладаў.
Аляксандра Гурына, старшыня Берасцейскай гарадской арганізацыі прафсаюзай радыёэлектронай прамысловасці: Па Фэйсбуку глядзела відэа з яе апошнім словам. Канешне, мяне закранула як жанчыну, як чалавека. Яна сказала, што пад судом стаіць яе сястра і падтрымлівае яе, калі забяруць яе, то прыйдзе мама, калі з мамай нешта зробіце, прыйдзе яе сяброўка. Яна ведае, што не адзінокая, што яе падтымліваюць. Гэта вельмі істотна. Уразіла і тое, што яна сказала, што вы мяне ўсё роўна вернеце на Украіну – жывой, або мёртвай. Я не ваенны чалавек, я не ведаю ўсё як там. Але разумею, што калі ёсць загад, то яго трэба выконваць. Але лічу, што трэба ўсё ж зважаць на тое, які загад. І прымаць рашэнне: выконваць яго ці не.
Старэйшы лейтэнант Надзея Саўчанка абвінавачваецца ў Расеі ў забойстве двух расейскіх журналістаў – Ігара Карнелюка і Антона Валошына. Паводле следства, у чэрвені 2014 году лётчыца знаходзілася ў размяшчэнні батальёна „Айдар” і вяла карэктыроўку артылерыйскага абстрэлу па блокпосце апалчэнцаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фото: Reuters