Уладзіміра Мацкевіча хочуць судзіць за мітынг, на які ён не хадзіў
Метадолаг і вядомы грамадскі актывіст Уладзімір Мацкевіч атрымаў позву ў суд Цэнтральнага раёна Менска на 15 сакавіка – суд разгледзіць адміністрацыйную справу на яго за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 15 лютага.
Сам Мацкевіч здзіўлены гэтай позве, бо, паводле яго слоў, на мітынгу ён не быў.
„Я ўвогуле не хацеў ісці на гэты суд, таму што мяне там не было. Але тут яны даслалі новую позву. Я не ведаю, чаму позва прыйшла мне, таму што я там не быў. Як звычайна, відаць, выклічуць сведкаў-міліцыянтаў, якія скажуць, што бачылі мяне, ды і ўсё. Я думаю, што яны проста папаўняюць такім чынам бюджэт”, – паведаміў Мацкевіч Радыё „Свабода”.
Раней Мацкевіча выклікалі да следчага. За няяўку па позве яго склалі пратакол.