Dzieciuki прэзентавалі новы альбом „Рэха”



Гарадзенскі фольк-панк гурт прэзентуе cвой другі студыйны альбом „Рэха”.

[soundcloud url=”https://api.soundcloud.com/playlists/204124962″ params=”auto_play=false&hide_related=false&show_comments=true&show_user=true&show_reposts=false&visual=true” width=”100%” height=”450″ iframe=”true” /]

Dzieciuki працавалі над сваім другім студыйным альбомам цягам паўгоду ў вольны ад асноўай працы час. Па выходных яны выязджалі з Гародні ў Менск, на студыю „Эверест”. Пісаліся ў сталіцы з празаічнай прычыны – у іхнім горадзе папросту няма поўнавартаснай студыі гуказапісу. Матэрыял падабраўся ўбойны і канцэптуальны. Сёе-тое з новых песень прагучалі ўжо на жывых выступах.

Гэты альбом атрымаўся канцэптуальны ў сваім тэматычным кантэксце: усе песьні выключна на гістарычную тэматыку, якая раскрываецца, як праз гераічны эпас, так і праз трагічныя старонкі мінулага”, – апавядае аўтар тэкстаў гурта Дзяніс Жыгавец. „Дзецюкоў” асабліва цікавіць тая гісторыя, якая забытая ці сарамліва замоўчваецца сённяшнімі беларускімі ўладамі: антырасейскія паўстанні, антыбальшавіцкія бунты, сталінскія рэпрэсіі… Дзяніс кажа, што ў назву рэлізу яны ўклалі галоўную яго думку. „Усё, што адбывалася ў мінулым, мае непасрэдны ўплыў на сучаснае і будучае. І гэты альбом сам ёсьць рэхам мінуўшчыны. Рэхам, якое нясецца ад часоў Вялікага Княства Літоўскага, закранае Рэч Паспалітую, праходзіць праз Беларускую Народную Рэспупліку, спатыкаецца аб савецкі перыяд і ўрываецца ў першыя гады Незалежнай Беларусі, як бы паказваючы нам, той спрадвечны шлях”.

Альбом атрымаўся куды больш насычаным па гучанню, чым дэбютнік „Гарадзенскі гармідар”. Гэта заслуга гукарэжысёра Стыва Крамера са студыі „Эверест” і Андрэя Баброўкі з студыі „Селах”, які займаўся звядзеннем і майстарынгам.

Як мне падаецца, з музычнай кропкі погляду, альбом атрымаўся з аднаго боку больш роўным, чым папярэдні, з другога – больш разнастайным. Дуды тут, на жаль, менш, затое больш  акардыёну. З’явіўся новы інструмент у нашай музычнай палітры ­– банджа”, – распавядае суаўтар альбому і вакаліст гурта Алесь Дзянісаў. Акрамя яго тэкстаў і Жыгаўца тут яшчэ гучыць дзьве песьні на вершы паэта Алеся Чобата. У запісе таксама ўзялі ўдзел запрошаныя госці, сярод якіх Аляксандар Памідораў, Сяргей Башлыкевіч і Павал Белы з гурту „Тлушч”.

Dzieciuki заўжды падкрэсліваюць, што яны не граюць ірландскі панк, хоць і знаходзяцца пад моцным уплывам гэтага стылю. „Пры гэтым, не толькі ў музычным разуменні: з ірландцамі беларусаў яднае любоў да бульбы, дыстылятам ды нянавісць да імперыяў, якія ўвесь час марылі захапіць нашыя мірныя і працавітыя народы”, – удакладняюць гарадзенцы.

Яшчэ адна рыса, на якую звяртаюць увагу музыкі – апалітычнасць. „Гэта сапраўды так, мы проста выступаем супраць таталітарных правых и левых ідэяў. Простымі словамі: нацыстам і камуністам – не месца на нашых канцэртах! Астатніх – заўжды рады бачыць!”, – заўважае Алесь Дзянісаў.

Жывая прэм’ера альбома пройдзе ў Беластоку (12 сакавіка), у Гомелі (18 сакавіка), Віцебску (26 сакавіка), а таксама ў Польшчы – Сувалкі, Варшава, Кракаў, Жэшув, Гарадок, Вроцлаў; Украіне – Луцк, Львоў, Калуш, Чарнаўцы, Адэса, Кіеў, Чарнігаў. Прэзэнтацыя ў Менску пакуль пад пытаньнем. Падрабязней пра даты і месцы можна дазнацца ў афіцыйнай суполцы гурта.

tuzin.fm