На ўкраінска-беларускай мяжы наспявае канфлікт
Прычынай сталі палявыя працы па дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы на поўначы Валыні. Украінцы вінавацяць беларускія ўлады ў анексіі чужой тэрыторыі.
Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
Украінскія актывісты сцвярджаюць, што падчас дэмаркацыі беларускія памежнікі перайшлі дзяржаўную мяжу ў раёне Жыроўскага канала і пачалі секчы дрэвы на ўкраінскай тэрыторыі, каб паставіць там памежныя знакі Рэспублікі Беларусь.
Беларускі бок ніяк не адрэагаваў на пратэсты мясцовых жыхароў. Больш за тое: паводле сведчанняў украінскіх актывістаў, будаўнічай тэхнікі з беларускімі нумарамі з тых часоў значна паболела, прытым з беларускага боку ўжо збудаваны мост праз Жыроўскі канал для тае тэхнікі.
Абураныя мясцовыя жыхары паабяцалі спаліць усю беларускую тэхніку, калі яна не з’едзе з украінскай тэрыторыі, а таксама ўзяцца за зброю для аховы дзяржаўнай мяжы.
Пра памежны канфлікт на поўначы Валыні паведамляе інфармацыяная агенцыя “Валынскія навіны”. Ніякіх афіцыйных тлумачэнняў з беларускага боку пакуль няма.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя