Камітэт салдацкіх маці Расеі склаў спіс 400 забітых і параненых
Расейскае ваеннае кіраўніцтва пацвердзіла, што расейскія вайскоўцы апынуліся на тэрыторыі Украіны і ў выніку сутыкнення з украінскай арміяй панеслі страты.
Паводле інфармацыі агенцтва РБК, палкоўнік, які прадставіўся як Аляксандр Хатулёў, распавёў блізкім дэсантнікаў: два кантрактнікі загінулі, каля дзесяці чалавек былі параненыя і дастаўленыя ў шпіталі Растову-на-Доне, а дзевяць салдат, чые імёны ўжо называў Кіеў, застаюцца ва Украіне.
Між тым жонка аднаго з затрыманых паведаміла радыёстанцыі «Эхо Москвы», што ў Данецкай вобласці былі забітыя тры кастрамскія дэсантнікі. Бацькоў салдат запэўнілі, што перамовы аб вызваленні тых вайскоўцаў, якія засталіся ва Украіне, ідуць на самым высокім узроўні. Як паведамляе РБК, сем’і кантрактнікаў думалі, што іх родныя едуць на вучэнні. У гэтым былі ўпэўненыя і самі байцы.
Раней у расейскім міністэрстве абароны паведамілі, што кастрамскія дэсантнікі патрапілі ва Украіну выпадкова пры патруляванні мяжы.
Камітэт салдацкіх маці ў Стаўрапольскім краі склаў спіс з чатырохсот параненых і забітых расейскіх салдат. Пра гэта расейскаму тэлеканалу «Дождь» паведаміла яго старшыня Людміла Багаценкава.
[youtube id=”rQkVmVzz4ek”]