Віктар Карняенка: Гэта быў тэст для ўладаў…
“Улада баіцца рэгістраваць партыі і грамадскія арганізацыі”, – кажа сустаршыня аргкамітэта па стварэнні грамадскай арганізацыі „За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка.
10 сакавіка Вярхоўны суд не задаволіў скаргу праваабарончага грамадскага аб’яднання “За справядлівыя выбары” на адмову Міністэрства юстыцыі ў афіцыйнай рэгістрацыі.
Віктар Карняенка: Чатыры разы мы падавалі дакументы на рэгістрацыю і чатыры разы атрымлівалі адмовы. Зрэшты, вялікіх спадзяванняў і не было. Мы проста знаходзімся ў агульным трэндзе, гэта быў тэст для ўладаў на прадмет таго, ці збіраецца апошняя нейкім чынам змяняцца праз так званую лібералізацыю, дзе яе межы, што дазволена, а што не дазволена. Толькі такім чынам мы разглядаем нашу ініцыятыву.
РР: Ізноў будзеце падаваць дакументы на рэгістрацыю?
Віктар Карняенка: Абавязкова. Гэта будзе працягвацца да таго часу, пакуль аб’яднанне не зарэгіструюць.
РР: Пакуль улады не гатовы вас легалізаваць?
Віктар Карняенка: Міністэрства юстыцыі пераўтварылася ў нейкую жалезабетонную перашкоду, якая спыняе грамадзянскую актыўнасць. Размова ідзе не пра шэраговыя арганізацыі, а менавіта пра грамадзянскія ініцыятывы. І вось тут чыноўнікі становяцца сцяной, каб забараняць і ўзяць працэс пад надзейны і пільны кантроль. Таму фундаментальныя правы чалавека, якія пазначаны ў Пакце аб палітычных і грамадзянскіх правах, для Беларусі вельмі актульныя. Гэта перадусім свабода слова, асацыяцый і свабода сходаў. Гэта тое, што ўлада ні ў якім разе не дапусціць да таго часу, пакуль яе не прымусяць вельмі моцна нейкія абставіны, якія ў першую чаргу павінны з’явіцца ўнутры краіны. Я не спадзяюся ні на якіх дзядзькаў з Бруселя.
РР: Некаторыя кажуць, што тыя, хто падае дакументы на рэгістрацыю, самі вінаваты, бо трэба падрыхтаваць паперы так, каб не было да чаго і дачапіцца.
Віктар Карняенка: Гэта ілюзія, бо ў рэальнасці дачапіцца знойдуць да чаго заўгодна. І пацвярджэнне таму – наш прыклад. Плацёжнае паручэнне зрабіў банк, і банк скараціў назву, бо яна не змяшчалася на стандартны бланк. Але для Мінюста і для суда гэта стала падставай, каб адмовіць у рэгістрацыі. Міністэрства юстыцыі не патрабуе выправіць памылку (а зрабіць гэта можна хутка), а проста адмаўляе. Да слова, гэтыя ж недакладнасці былі і раней, але тады іх не заўважалі. Пакінулі на наступны раз.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя