На якім “пенсійным варыянце” спыніцца ўлада?



Прафсаюзны актывіст Аляксандр Бухвостаў выказвае меркаванне, які варыянт падвышэння пенсійнага ўзросту найбольш падыйшоў бы для Беларусі.

Нагадаем, Мінпрацы агучыла тры варыянты падвышэння пенсійнага ўзросту. Першы варыянт прадугледжвае выхад на пенсію жанчынаў у 60 гадоў і мужчынаў у 65. Другі варыянт быў зроблены з улікам дэмаграфічных працэсаў: выхад на пенсію жанчынаў у 60 гадоў, мужчынаў — у 63 гады. Трэці варыянт прадугледжвае ўвядзенне пенсійнага ўзросту з 58 гадоў для жанчынаў і з 63 — для мужчынаў.

Аляксандр Бухвостаў: У сёняшняй сітуацыя я наогул бы не падвышаў пенсійны ўзрост. Мне здаецца, што не створаны яшчэ ў краіне дастатковыя ўмовы жыцця, каб падвышаць гэты ўзрост. У нас многія мужчыны наогул не дажываюць да пенсіі, а, калі яшчэ і ўзрост падняць да 63-65 гадоў. Тады многія проста не ўбачаць сваю пенсію. І ўвогуле, пенсійная рэформа не заключаецца проста ў падвышэнні ўзроста, а ў тым, як фарміраваць пенсіі.

РР: Мінпрацы агучыла тры варыянты падвышэння пенсійнага ўзросту. На ваш погляд, на якім спыняцца?

Аляксандр Бухвостаў: Калі і выбіраць, то трэці варынт: 58 гадоў – для жанчын, 63 – для мужчын. Паўтаруся, будзе абсурдам рабіць пенсійны ўзрост для мужчын 65 гадоў, калі яны да яго не дажываюць. Я разумею, калі ў Швецыі сярэдняя працягласць жыцця – 75 гадоў, то там і пенсійны ўзрост можна падняць. Але ж у Беларусі іншая сітуацыя. І пенсіянеры тут працуюць таму, што пенсіі нізкія і пражыць на іх складана.  

РР: Міністр працы лічыць, што эканамічна найбольш эфектыўны трэці варыянт…

Аляксандр Бухвостаў: А ў чым тут эфект? Што мужчыны не дажывуць да пенсіі, і яе не трэба будзе выплочваць? Але сутнасць нават не ў гэтым. Пенсійная рэформа наспявала даўно, але праблема не вырашалася так, як трэба было б рабіць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя