Генпракуратура Украіны абвясціла падазрэнні былому паслу ў Беларусі
Былому Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму паслу Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Міхаілу Ежалю афіцыйна «абвешчаная падазронасць». Пра гэта паведаміла прэс-служба Генеральнай вайсковай пракуратуры Украіны. Згодна ўкраінскага заканадаўства, «абвешчанне падазронасці» – юрыдычная працэдура, папярэдняя афіцыйнаму абвінавачванню і суду.
Міхаіл Ежаль быў Надзвычайным і Паўнамоцным паслом у Беларусі з 3 красавіка 2013 года па 11 траўня 2015 года. Але следчых Генеральнай пракуратуры Украіны гэты перыяд жыцця Ежэля не цікавіць.
Да 2013 года Міхаіл Ежаль займаў пасаду Міністра абароны Украіны. Згодна рэлізу Генпракуратуры, за гэты час міністр абароны раскраў дзяржаўнай маёмасці на суму больш чым у 24 мільёна грыўняў. Усяго супраць Міхаіла Ежаля было заведзена 50 крымінальных справаў, але распачынаць дасудовае расследаванне не дазваляў дыпламатычны імунітэт украінскага пасла ў Беларусі.
Пасля таго, як прэзідэнт Пётр Парашэнка зняў Міхаіла Ежэля з пасады пасла ў Беларусі, апошні так і не вярнуўся ва Украіну, а застаўся ў Менску. 22 лютага былы міністр і былы пасол заявіў, што згодны супрацоўнічаць з украінскім следствам, але толькі на беларускай тэрыторыі. «Хай прыязджаюць і дапытваюць», — заявіў былы пасол.
Калі Міхаіл Ежэль не прыедзе ва Украіну, то, паводле ўкраінскага заканадаўства, ён будзе абвешчаны ў міжнародны вышук, і тады перад беларускімі ўладамі паўстане пытанне: выдаваць Ежэля ва Украіну ці не выдаваць.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя