Рыгор Грык атрымаў пратакол за мітынг 28 лютага



Баранавіцкі грамадскі актывіст Рыгор Грык атрымаў пратакол, складзены ў яго адсутнасць 28 лютага ў Менску, за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі на Кастрычніцкай плошчы. Пратакол прыйшоў чамусьці з Баранавіцкага гарадскога аддзела міліцыі. Хаця накіраваў яго начальнік Цэнтральнага РАУС Менска падпалкоўнік Артур Шахлай. Для актывіста пратакол быў поўнай нечаканасцю.

Кажа Рыгор Грык:

– Я стаяў у канцлагернай робе і трымаў плакат: “Адкінем страх, сумненні і ныццё. За Беларусь, за лепшае жыццё!”. Гэта словы нашага знакамітага паэта Генадзя Бураўкіна. Там збіраліся прадпрымальнікі падчас іх мерапрыемства. Я думаў, што яно дазволенае, таму што шмат было людзей. І міліцыянты не рабілі заўвагаў і пратаколы на мяне не складалі.

Ён дадаў, што позву ў суд яму не даслалі.

Паводле праваабаронцы з Баранавіч Сяргея Гоўшы, пратакол практычна нечытэльны. З цяжкасцю удалося разбраць, па якім артыкуле Грык абвінавачваецца. Хто складаў, што там наогул напісана – невядома. Адно вядома: канвеер папаўнення пустога бюджэту актыўна запрацаваў.

Pratakol_Gryk

Беларускае Радыё Рацыя