Два месяцы да Андрэя Бандарэнкі не даходзілі лісты
На працягу двух месяцаў да зняволенага праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, якога трымаюць у магілёўскай турме, не даходзілі лісты ад родных і калег. Пра гэта паведаміў праваабаронца Міхаіл Пастухоў.
«19 лютага на спатканне да Андрэя ездзіў яго бацька, — расказаў Пастухоў. — Там высветлілася, што лісты не даходзяць ні Андрэю, ні ад яго — яго родным. Як мяркуе сам Бандарэнка, прычына ў тым, што ён пісаў пра ўмовы ўтрымання, а таксама пра дзейнасць былых калег, у прыватнасці Алены Красоўскай-Каспяровіч».
24 лютага Міхаіл Пастухоў накіраваў начальніку турмы і пракурору Магілёўскай вобласці зварот з просьбай правесці праверку, на якой падставе зняволенага Бандарэнку абмяжоўваюць у праве на перапіску. «Дарэчы, выразкі з газет, якія я яму адпраўляў, мне вярнулі назад, — дадаў праваабаронца. — Гэта былі артыкулы з «Народнай волі» і «Новага часу» пра самога Бандарэнку і яго калегу, Міхаіла Жамчужнага, які ў мінулым годзе таксама быў асуджаны».
Паводле слоў Пастухова, зараз перапіска з Бандарэнкам аднавілася. «Аднак я па-ранейшаму чакаю, што мне адкажуць з адміністрацыі турмы і пракуратуры. Недапушчальна, каб у наступным такія парушэнні паўтараліся», — лічыць ён.
Пастухоў таксама паведаміў, што Андрэй Бандарэнка па-ранейшаму ўтрымліваецца ў адзіночнай камеры магілёўскай турмы.