Фестываль Акуджавы ў Гайнаўцы патрабуе дапамогі



Песні Булата Акуджавы зноў загучаць у Гайнаўцы. У ліпені тут мае прайсці трэці міжнародны фестываль аўтарскай песні імя Булата Акуджавы “Вера, Надзея, Каханне”. Аднак на яго правядзенне арганізатары пакуль не маюць ніводнага злотага…

Размаўляем з ініцыятарам і арганізатарам гэтай музычнай імпрэзы Анатолем Баравіком.

DSC00868

РР: Пачнем з сённяшніх справаў. Ужо на працягу некалькіх месяцаў вы рыхтуеце трэці фестываль імя Акуджавы. Што ўжо вядома, чым парадуеце нас у гэтым годзе?

– Мяне радуе, што ў гэтым годзе пройдзе ўжо трэці фестываль імя Акуджавы. Калі пройдзе, канешне, бо яшчэ ўсё вырашаецца, калі казаць пра фінансавыя справы. Як і звычайна ў прынцыпе. Фестываль будзе не толькі на Падляшшы. Калі мы рабілі першы фестываль, я думаў, што ён будзе праходзіць толькі ў Гайнаўцы ды ў ваколіцах, максімум у Беластоку. Але ўжо на наступны год мы выехалі ў Торунь, Інаўроцлаў, Влацлавэк, Люблін ды іншыя гарады. Фестываль цягнуўся два тыдні і мы далі 15 канцэртаў вялікіх, якія праходзілі ў амфітэатрах, у вялікіх канцэртных залах, на адкрытых пляцоўках. Мы не прадаем квіткоў, але ўсе грошы, якія збіраюць валанцёры, мы перадаем хоспісу ў Новай Волі на Падляшшы. Напрыклад, у Гайнаўцы мы сабралі восем тысяч злотых для хоспіса, і за гэтыя грошы хоспіс можа існаваць на працягу трох месяцаў. Сёлета канцэрт адбудзецца таксама ў Варшаве. Гэта было і маёй марай, і Вольгі Акуджавы – ўдавы Булата, якая апекуецца нашым фестывалем і прыезджае да нас кожны год. Булат Акуджава быў звязаны з Варшавай, ён прыехаў сюды яшчэ ў 60-ыя гады, пазнаёміўся з выбітнымі асобамі, Агнешкай Асецкай ды іншымі, якія пераклалі яго песні на польскую мову. Гэта прыблізіла Акуджаву палякам. І пазней ні было дома, ні харцэрскага лагера, ні было студэнцкага вогнішча, дзе не спявалі песень Акуджавы.

Анатоль Баравік спявае песню Булата Акуджавы „Надзеі маленькі аркестр”:

Сёлета фестываль распачнецца 15 ліпеня з конкурснай праграмы. На старонцы Гайнаўскага дома культуры ёсць інфармацыя пра фестываль, а таксама ўмовы ўдзелу ў конкурснай праграме. Заяўкі на ўдзел ужо прымаюцца. Для ўдзелу трэба прадставіць дзве песні, адна з іх павінна быць Акуджавы, а другая можа быць, напрыклад, свая аўтарская.

РР: Міністэрства культуры Польшчы надалей не падтрымлівае ваш фестываль. Ні ў пазамінулым, ні ў мінулым годзе, ні ў гэтым вам не вылучылі ніякай фінансавай дапамогі…

– Так, і цяжка мне гэта пракаментаваць. Тым больш прыкра, што мы з’яўляемся грамадскай арганізацыяй (гаворка ідзе пра грамадска-культурнае таварыства “Granie biez granic”, заўв.рэд.), усё, што мы робім, мы робім без грошай. Але я ўжо прызвычаіўся да такой сітуацыі. Ёсць людзі, якія нас падтрымліваюць, таксама органы мясцовага самакіравання, многія людзі пераводзяць грошы на наш банкаўскі рахунак. Нават па 5, 20 злотых. Але ў масе гэта дае грошы, дзякуючы якім мы можам падрыхтаваць і правесці фестываль.

plOkudzawaРР: Многія, напэўна, здзіўляюцца, чаму такі вялікі міжнародны фестываль праходзіць у Гайнаўцы, то бок асноўныя мерапрыемствы праходзяць менавіта ў гэтым невялікім падляшскім горадзе?

– Усе здзіўляюцца. Па-першае, я сам паходжу з Гайнаўкі, тут я палюбіў Акуджаву, узяў у рукі гітару, тут быў мой першы гурт, тут я выйгрываў конкурсы, які тады называліся конкурсамі савецкай песні, і выйгрываў гэтыя конкурсы з песнямі Булата Акуджавы. Я выплочваю доўг свайму мястэчку. Тут мае сябры, людзі, якія ведаюць мяне з дзяцінства і дапамагаюць мне рабіць фестываль. Па-другое, у Варшаве, напрыклад, фестываль ёсць амаль на кожнай вуліцы, а ў Гайнаўцы ён такі адзіны. І яшчэ адна важная рэч. У Гайнаўцы мой сябра Мікалай Бушко ладзіць фестываль царкоўнай музыкі, на які прыязджаюць хоры з усяго свету, многія чакаюць па пяць гадоў, каб трапіць на гэты фестываль, і для іх не мае значэнне, едуць яны ў Нью-Ёрк, ці ў Гайнаўку, пры гэтым яны праслаўляюць нашую Гайнаўку на ўвесь свет. Няма значэнне, дзе робім фестываль у сучасным свеце сучасных камунікацый. Можам яго зрабіць у вёсцы Тапоркі, скуль паходзяць мае бацькі, але там няма гатэлю.

РР: Наколькі лёгка было сцягнуць Вольгу Акуджаву на фестываль?

– Вольга не ездзіць ужо па свеце, мае свае гады. Але гэта мая сяброўка, мы пазнаёміліся пад Масквой на фестывалі песні Акуджавы, дзе я стаў лаўрэатам. Вольга, як і Булат, любіць Польшчу. Яна як бы сплачвае доўг усім палякам, я атаясамляюся з усімі палякамі для яе. Вольга Акуджава лічыць, што фестываль у Гайнаўцы адзін з найлепшых, бо фестывалі праходзяць і ў Расеі, і ва Украіне. Яна лічыць, што фестываль у Гайнаўцы найбольш блізкі самой ідэі бардаўскай песні, блізкі той атмасферы, у якой вырасталі барды: гітара ў руках і песня, якая знітоўвае людзей.

DSC00953

РР: Як вы думаеце, чаму ўжо не адно пакаленне вяртаецца да Акуджавы?

– Гэта быў адзін з самых выбітных бардаў і паэтаў. Геній. Нават не расеец, грузін і армянін, народжаны ў Маскве, які стаў героем палякаў. Чаму не Магамаеў, ні Ала Пугачова не сталі такімі асобамі для нас, чаму менавіта Акуджава? Ён паказаў нам іншую Расею, ён спяваў пра звычайнага польскага чалавека, пра каханне, здраду, бяду, алкаголь… Пра вайну, але не пра тую, якую нам паказвала прапаганда. Ён спяваў пра хлопцаў, якім было 17 гадоў, якія ішлі ў бой, нават можа ў апошні, і аглядаліся назад, туды, дзе пакінулі сваю дзяўчыну. Ён кажа аб праблеме самоты і няшчасця, якія нясе вайна, а не пра тое, што перамога ў Вялікай Айчыннай вайне прынесла шчасце ўсяму свету. Акуджава казаў, што самы галоўны – гэта чалавек, не маса. Ён нават не акцэнтаваў на гэтым увагу, але гэта вынікала з ягоных песень…

РР: Якая песня Акуджавы вам прыходзіць на думку сёння, калі мы з вамі размаўляем?

– “Малітва”… Малітва, каб атрымаўся фестываль. Я ўжо дамовіўся з выступоўцамі з Адэсы, з Масквы, з Кіева, з Пружан, з Чэхіі і гэтык далей. Ужо ўсталяваныя даты. Але я пакуль не маю ні залатоўкі. Так што “Малітва”, каб Акуджава там наверсе замолвіў слова за наш фестываль. А так песня “Вера, надзея, каханне”. Бо вера і надзея павінны быць заўсёды ў нашым жыцці, і каханне, безумоўна…

У далучаным гукавым файле прапануем паслухаць размову з Анатолем Баравіком у поўнай версіі.

[youtube id=”REeI7xPM3UA”]

Яна Запольская. Беларускае Радыё Рацыя.

Фота з мінулагодняга фестывалю імя Булата Акуджавы ў Гайнаўцы